Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 55

Николай Михайлович Водоносов

— А як карысці не будзе?

— То, проша пана — да відзэння! Будзьце здаровы, а я з вамі незнаёмы — от так яно тады будзе… Мы толькі цяперака хаўруснікі.

На тым і разышліся.

«Хаўруснікі,— з усмешкай думаў Ігнат. — Нядоўга ўжо нам быць хаўруснікамі».

Пагоня

Раніца была ціхая і сонечная. Святла ў прасторы столькі, што аж слепіць, аж балюча вачам, быццам — куды ні глянь — усюды сонца. Яно і над лесам, і на лісцях яблынь, і на роснай траве, і ў шыбах акон, і ў марыве, што плыве, бруіцца над дрыготкім полем. І хочацца Міколу пабегчы па тым марыве далёка-далёка, аж туды, дзе далячынь сінечы зліваецца з бліскучым небакраем. І на душы ў яго так хораша, што, здаецца, ляціць яна птушкай легкакрылай, ірвецца ў тую бязмежнасць, дзе няма бяды-гора, дзе пануе толькі шчасце…

«Як жа гэта яна мне саснілася? — сіліўся ўспомніць сон Мікола. — Здаецца, плылі мы з Анютай па рацэ, побач. І так цяжка плылося, бы па смале, а вада ўсё зносіла, зносіла… А потым быццам і не плылі, а ляцелі, і на душы зрабілася лёгка-лёгка… Такі дзіўны сон!..»

Мікола выйшаў за веснічкі і зірнуў у бок хутара Красоўскага. Зірнуў і, апроч дыму, які роўным слупам падымаўся з коміна ўгору, нічога і нікога не бачыў. І адразу быццам спала тая лёгкасць, свінцовым цяжарам наліліся ногі і рукі, імі не крануць. «Гэта ж ад касы… А як жа мы сёння касіць будзем? Не-е, здавацца не трэба!» — злёгку прысядаючы і падымаючыся, падумаў Мікола.

— О-о-ой! Ой-ё-ёй! — пачулася з-за веснічак. — Я зусім не магу ісці, а ён яшчэ прысядае! — Алесь літаральна выпаўз і лёг жыватом на мурог, раскінуўшы ў бакі ногі і рукі.— Усё… Бывай, звонкая каса! Мы яшчэ да цябе не дараслі, як казала мама…

— Не, дараслі! Не, дараслі! — націскаючы на «не», два разы паўтарыў Мікола. Перасільваючы боль, ён пачаў падскокваць, разводзіць рукі, зноў прысядаць. — Мы проста мала займаемся спортам, Алесь! Вось пабачыш, усё хутка пройдзе, толькі давай са мною…

Алесь глядзеў на яго, як на дзіва, шырока адкрытымі вачамі.

— Жалезны ты, ці што, Мікола? Я ж падняцца не магу… Во, глядзі, рукі не трымаюць…

— Давай памагу! — Мікола падхапіў Алеся пад пахі і ўзняў на ногі.— Тэ-эпай пра-авай, тэ-эпай ле-евай, та-а-ак…

Толькі Алесь тэпаў не вельмі што, стагнаў, як дзед, і ледзь перастаўляў ногі.

— Касцы, ідзіце есці,— паклікала іх Міроніха і, убачыўшы, як Алесь ледзь перастаўляе ногі, дадала: — Сёння з вас касцы, як з лазы супоня. Схадзіце лепш на рыбу, а то ўжо нешта даўно юшкі не спыталі…

— Во — гэта работка па мне! — адразу ажывіўся Алесь, вырваўшыся ад Міколы, і, перастаўляючы ногі, як кастылі, амаль бегма кінуўся ў хату.

Мірона дома ўжо не было, ён і праўда пайшоў у калгас на працу, і таму хлопцы, нават спаслаўшыся на тое, што яны касьбу проста праспалі, што хутка спадзе раса, паснедалі не спяшаючыся, апранулі старое рыззё, узялі торбу, невялікую латаную-пералатаную таптуху — сетку, нацягнутую на арэхавую аснову: дугу і палазы, якія ззаду сыходзіліся разам, — і з вясёлым настроем рушылі да ракі.

— Хоць душу адвядзём! — радаваўся Алесь.

— А Пікулік скажа, што ад працы хаваемся.