Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 54

Николай Михайлович Водоносов

— Напарыш, дык парсюк аж цёпкае! — засмяяўся Іван. — Расце як на дражджах… — Ён прысеў на кукішкі, потым устаў, узяў калодку, на якой кляпаў касу, перавярнуў яе бабкай уніз і для трываласці ўвагнаў бабку ў зямлю. — Скажы от… — зноў узняў малыя вочкі-бураўчыкі.— У Зыгмуся быў?

— Быў…

— Дык гэта… можа, ужо ёсць у яго чым заплаціць за пушку? Я за так сабе, за дзякуй не аддам, — сказаў, сядаючы.

— От сам і запытаеш. Заўтра, як звечарэе, недзе гадзін у дзесяць, збор у нас…

— Дзе?

— У Мокрым Лозе, ля валуна.

— Хто яшчэ будзе?

Ігнат адказаў не адразу. Ён сам хацеў дазнацца — ці ведае Іван, жывучы на хутары, што Смольскія ўцяклі? Ці не заходзілі яны часам да яго?

— Будуць, — сказаў абыякава.

— А хто, хто? — аж падаўся наперад Іван.

— Крывы Панас…

— А яшчэ?

Па тым, як настойліва дапытваў Іван, было ясна, што ён чакае пачуць новыя імёны. І адважыўся сказаць тое, чаго і сам яшчэ не ведаў.

— Смольскія будуць, — і пільна паглядзеў на Ваўчка.

— Ага, — як уздыхнуў той. — Значыцца, і яны туды ж… От бы… усіх вас там ды накрыць! — дзіка бліснуў вачамі, зарагатаў, і у тым рогаце Ігнату пачулася жаданне Ваўчка — накрыць усіх! Тоўстыя няголеныя шчокі акругліліся, пабраліся «вожыкамі».

— Накрыць, кажаш? Каб скарыстаць іхняе дабро? — імгненна, не даючы Івану апамятацца, спытаў Ігнат.

— А чаму ж…

— Адкуль дазнаўся, што Смольскія ўцяклі? — зноў абрушыўся на Ваўчка новы допыт, і Ваўчок перастаў смяяцца, насцярожыўся. Але, прыперты пытаннем, прызнаўся:

— Былі яны тутака.

— Значыцца, ты даўно звязаны з імі! — паказаў на яго пальцам Ігнат. — І не выкручвайся! Ведаю — дабро іхняе хаваеш, гаварыў мне малодшы…

— А чаго мне выкручвацца? — паціснуў плечукамі Іван. — Іхняе дабро мне не трэба. А можа, я звязаўся, — павысіў голас, — каб потым усіх і залажыць… Га? Што на гэта скажаш? Ідзі, дакажы, што разам быў…

«Ну от і ўсё: прагаварыўся, галубок! — радасна падумаў Ігнат. — Заўтра вас усіх і браць будзем, цёпленькіх, як кажуць… Не, не заўтра. Скарб жа яшчэ, заўтра, можа, стане ясна і са скарбам…»

Сказаў нездаволена:

— Хітры ты, Іван, ад усіх памалу цягнеш і сам быццам бы ўбаку…

— Вялікі кусок дзярэ раток… А я і памалу, як тая божая птушка, надзяўбуся…

«От і канец вам… Апошнія… Гэта ўжо апошнія вылюдкі», — між тым весела думаў Ігнат, і гэтая думка зноў — у які ўжо раз! — імгненна правяла яго праз усе перажытыя гады, праз усе выпрабаванні.

— Значыцца, да заўтрага, — зноў сказаў Ігнат і ўстаў, адчуваючы, як храбуснула ў каленях.

— Ды ўжо ж, да заўтрага…

— Не ўздумай толькі дурыць, — надаў голасу цвёрдасць Ігнат. — А то… сам ведаеш, што ў такіх выпадках можа здарыцца тут, на хутары…

— А ты не палохай! — натапырыўся, як верабей перад бойкай, Іван. — Я цяперака сам узброены. Можа, нават атаманам буду. Цяперака вы ўсе ў маім кулаку! От тутака… — Ён паказаў сціснуты кулак і непрыемна засмяяўся. Потым раптоўна твар яго змяніўся, пасуровеў: — Н-не бойся… Пакуль Ваўчку ад вас карысць, Ваўчок будзе для вас і служыць…