Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 49
Николай Михайлович Водоносов
— Зрабі ласку, Міронка!
— Ды ўжо ж, давядзецца…
Хоць было ўжо апаўдня, а ўнізе, дзе трэба браць касой, яшчэ росна: трава на паплавах сёлета вымахала на рэдкасць густая ды высокая.
Брыгадзір вярнуўся хутка, прывёз дзве новенькія касы, жбанок халоднага квасу, гукнуў:
— Наваліся, хто стаміўся!
Кінуў косы на зямлю, спрытна саскочыў сам, не выпускаючы жбанок з рук. Малы, вясёлы, чорны ад загару, як цыган, адно чуб русявы, аж белы ад сонца.
І калі, напіўшыся квасу, усе ўтрох узяліся за косы, то яшчэ больш здзівіўся брыгадзір.
— Такая сілішча на хутарах сядзіць! От буду я вас адтуль успорваць!
— І тамака працы хапае, не думай, брыгадзір, — не перастаючы махаць касою, заўважыў Мірон. — А ў калгас мы пойдзем, як з хутароў з'едзем, не век жа там сядзець.
— І то праўда… Дык гэта… абедаць у-унь пад той дуб, што ля лесу, прыходзьце, кацёл не маленькі, на ўсіх хопіць, — сказаў брыгадзір, схапіў у рукі повад, тузануў ім, разагнаў каня і ўжо на бягу ёмка ўскочыў на гладкую выгнутую спіну буланага.
Хлопцы стараліся не адстаць ад Мірона, але сіла ў іх была хоць і маладая, ды не трывалая. Ад пракоса да пракоса яны махалі ўсё больш запаволена, усё часцей спыняліся, бралі ў Мірона мянташку і падоўгу вастрылі касу. І Мірон разумеў іхнюю тактыку, пайшоў цішэй.
Анюта засталася недзе з жанчынамі, але, калі прыйшоў настаўнік паглядзець на працу сваіх вучняў, яна таксама падышла, гукнула:
— Касцы-ы!
Хлопцы аглянуліся на яе голас, але не пайшлі, не кінулі працу.
Нейкі час настаўнік глядзеў на ўвішную работу хлопцаў — яны пры ім паддалі духу, — потым і сам, узяўшы касу ў Мірона, пайшоў паперадзе. Так, ні слова не прамовіўшы, давёў пракос да канца і тады ўжо звярнуўся да хлопцаў:
— Дык вось вы якія касцы, аказваецца! — у яго вачах былі захапленне і радасць адначасна. — А я, грэшным дзелам, думаў, што вы тут бібікі б'яце… Вы ў мяне будзеце адзначаны спецыяльнай узнагародай — я падарую вам па цікавейшай кнізе!
Хлопцы пераглянуліся і не стрывалі, пырснулі ад смеху, хоць гэта было вельмі недарэчна.
— Вы што гэта? — здзівіўся Пікулік.
— Прабачце, так сабе. Мы хацелі вам сказаць, што ў нас ёсць многа кніг. Розных… Там Талстой, Верасаеў, Чэхаў,— пачаў пералічваць Мікола. Алесь падхапіў той пералік, і калі скончыў, Пікулік толькі рукамі развёў.
— Вось гэта сюрпры-ы-ыз! Аказваецца, вы сапраўды багатыя. Такіх кніг няма нават у мяне.
— А мы іх школе аддадзім, — сказаў Алесь, каб быць у гэтай справе першым, бо ўжо ведаў, што Мікола цвёрда вырашыў аддаць кнігі школе.
— Школе? Такое багацце? Ды вы проста золата, а не хлопцы! — яшчэ больш узнёсла і шчыра пахваліў іх Пікулік. Яны ішлі да ракі, размаўлялі, і ўсім было так хораша, хоць спявай.
А пасля быў смачны абед на доўгіх сталах, зробленых з негабляваных дошак, наспех, пад кучаравым галінастым дубам, у цяні. І сярод калгаснікаў з вучняў былі толькі хутарскія, якіх брыгадзір залічыў касцамі.
— Маім выхаванцам — паўнаважкі працадзень! — гаварыў за тым сталом Пікулік. — Гэта значыць, па поўнай місе смачнага супу. Ды і цяляціны пакладзіце, як усім касцам.