Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 47
Николай Михайлович Водоносов
— Э-эх, даўно мы рыбу не лавілі! — са шкадаваннем вымавіў Алесь, спыніўшыся каля аднаго віру. Там, у крышталёвай вадзе, бы замерла, стаілася чародка паласатых акунёў, а далей, на перакаце аж шарэла дно ад лянівых, тлустых печкуроў. Яны зрэдку паблісквалі пузамі, ловячы пражорлівымі роцікамі ўсё, што несла вада.
— Наловім яшчэ. Вось толькі няхай усё гэта скончыцца, — сказаў Мікола, і невядома было, што ён меў на ўвазе: гэты сенакос ці што іншае.
Калі яны мінулі лазняк і выйшлі да вусця Казы, дзе яна злівалася з Бярозаю, то ўбачылі шмат людзей. Мужчыны ў белых кашулях, а то і зусім аголеныя па пояс, дружна ўзмахвалі косамі, а ўслед ішлі кабеты і разбівалі буйныя пракосы — дзе грабільнамі, а дзе і рукамі.
Школьнікі сабраліся асобна. Яны купкамі стаялі пад тоўстым дубам, шумелі, гаворачы кожны пра сваё, а калі да іх далучыліся хутарскія, загулі яшчэ дружней.
— Паны прыйшлі, бурж-жуі-і!
— Аднаасобнікі…
— Гнаць іх трэба, каб ніводнага не засталося! — кпілі многія.
Ды толькі Мікола і Алесь не з таго дзесятка, каб спалохацца, паддацца на кпіны. Яны засланілі сабою Анюту, выставілі, як пікі, арэхавыя кіі.
— Вось толькі хто зачапі! Вось зачапі! — набычыўшыся, прамовіў Алесь, і было відаць, што ён не жартуе, а звязвацца з ім, амаль дзецюком, ніхто не адважыўся. Ды і Міколаву сілу ведалі многія — дарма што меншы за Алеся, а кулак у яго моцны, да таго ж спрытны сам.
— Во, во як сваю нявесту абараняюць… А прыйдзе час — і самі паб'юцца з-за яе! Ге-ге-ге, гы-гы-гы, — усё яшчэ не здаваліся хлопцы з Замошша. Былі там і з Пабярэжжа, і з Калінаўкі, але тыя цішэйшыя. І, можа, хлопцы сапраўды пабіліся б, ды прыйшоў Пікулік, настаўнік. Быў ён малады, высокі і дужы, з бялявымі валасамі, прамым носам і васільковымі вачамі.
Ён павітаўся з новенькімі, дазнаўся, што ўжо ўсе прыйшлі, і сказаў:
— Дысцыпліна павінна быць, як на ўроку… Ніякіх спрэчак і бегатні. Наша задача — дасушыць і скласці ў копы ўчарашні пакос. Пайшлі за мною…
— Мы… не пойдзем, — цвёрда, як ужо вырашанае, заявіў Мікола і нават крыху падышоў да настаўніка, які глядзеў на яго дапытліва.
— Чаму ж гэта?
— Спытайце ў іх, — паказаў Мікола на хлопцаў з Замошша, якія і цяпер стаялі асобна і выскаляліся. — Мы не хочам, каб нас абражалі.
— Я пайду туды, дзе тата косіць, сённяшняе раскідаць, — сказаў і Алесь.
— І я, — ціха дадала Анюта, пазіраючы ў зямлю і чырванеючы да вушэй.
Усталявалася няёмкая цішыня: да гэтага часу Пікуліку ніхто не пярэчыў, яго слова было законам для ўсіх. І таму для многіх дзіўным падалося яго рашэнне.
— Ну што ж… — Пікулік умеў чытаць у вачах сваіх вучняў іх намеры, бачыў іх рашучасць, разумеў іх з паўслова, да таго ж любіў рашучых, самастойных дзяцей. — Ідзіце… Толькі працаваць так, каб нам сорамна не было, усяму калектыву. Я да вас наведаюся яшчэ… Не падведзяце?
— Не падвядзём, — запэўніў Мікола радасна і пераможна зірнуў на сваіх сяброў. І яны пабеглі да ракі, дзе здаля віднелася калматая галава Мірона, яго сіняя злінялая кашуля…
Мірон сустрэў іх ласкава.
— Ну, вось… Цяпер нас цэлая брыгада! — сказаў ён, не перастаючы касіць.