Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 46
Николай Михайлович Водоносов
Калі хлопцы ўжо канчалі апошнюю бярэзіну, то ўбачылі, што да іх з клуначкам і граблямі ідзе Анюта. Абодва адразу насцярожыліся, бо ведалі, што так сабе яна не прыйдзе. Адно іх бянтэжыла — навошта Анюта ўзяла граблі.
— Уй-ю-юй, колькі ўжо напілавалі, - замест прывітання здзівілася яна ўвішнай працы хлопцаў і дзелавіта, са спачуваннем дадала: — А трэба ж яшчэ і на сена ісці. Пікулік аб'явіў збор, усе піянеры і школьнікі павінны быць сёння ў дзесяць гадзін на поплаве каля Прорвы, памагаць калгаснікам сена варочаць… Вось цётка Гэлька запіску ад настаўніка прынесла, глядзіце, калі не верыце…
Яна падала хлопцам кароценькую пісульку ад настаўніка і чакала, пакуль яны чыталі, схіліўшы галовы — чорную, з ледзь прыкметнымі кучарамі, і аўсяную, з простымі, раскіданымі абапал валасамі.
— От здорава! — сказаў Мікола. — Мы яму раскажам пра кнігі, хай адбярэ якія…
— Толькі не ўсе, — запярэчыў Алесь, — танейшыя пакінем сабе чытаць, а то як расхопяць, не дастанецца…
— Добра, добра, — перапыніў яго Мікола. — Дык чаго ж мы стаім? Ужо, напэўна, позна…
— Яшчэ толькі дзевяць, — сказала Анюта, бо ў іх дома быў гадзіннік, зялёныя ходзікі з адною гіраю. — І яшчэ… — яна паказала на клуначак. — Вазьміце што з сабой перакусіць, а то будзем да вечара.
— А што ж нам узяць? — паглядзеў Алесь на Міколу, як бы пытаючы ў яго. — Апроч малака, нічога няма.
— А праснак, а цукар! — адразу пачаў пералічваць Мікола, зусім не падумаўшы пра тое, што цукар ён пакідаў толькі Сняжку, і нікому больш. Сказаў, вядома, каб даказаць, што і ў яго ёсць што браць з сабою.
— А я от скварку ўзяла! — пахвалілася Анюта. — Я вам дам скрылёк сала, а вы мне — драбок цукру. Згода?
— Згода, — адказаў Мікола. — А праснак мяккі, на сыроватцы, што булка…
Ні Міроніха, ні Мар'я хлопцаў не затрымлівалі, бо ведалі, што трэба. Жывуць жа яны ў калгасных хатах, карыстаюцца калгаснай зямлёю…
Так што неўзабаве ўсе трое — хлопцы пабралі замест грабель арэхавыя кіі — рушылі на поплаў, які ад хутароў быў не так ужо і далёка, калі ісці напрасткі, уздоўж Казы.
Па дарозе Анюта расказала, што яе айчым адпіліў напільнікам у вінтоўкі рулю і ўкараціў прыклад. Усё гэта яна бачыла праз шчыліну ў дзвярах каморкі.
— Абрэз зрабіў,— заўважыў Мікола. — Бандыцкая зброя… Толькі дарэмна ён стараецца.
— А мне дык страшна, — прызналася Анюта. — Ён стаў такі звераваты, што слова не скажы…
— Не бойся яго! — бы загадаў Алесь. — Кажу — не бойся. Калі што якое, мы яму рогі абламаем, — і ён памахаў кіем, быццам ужо збіваў рогі таму Ваўчку.
— Гэткі ваяка, — зірнула на яго Анюта. — Мама і то яго баіцца. Мне так шкада маму…
— Дык ганіце яго! — не сунімаўся Алесь.
На гэтым гамонка спынілася, бо кожны ведаў, што не так лёгка прагнаць таго Ваўчка.
Ісці каля Казы басанож было нязручна і небяспечна: тут апроч безлічы вужоў сустракалася нямала і гадзюк, так што ступалі след у след, з асцярогаю, уважліва прыглядаліся па баках.