Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 43

Николай Михайлович Водоносов

Ды кожная таямніца вечна існаваць не можа, рана ці позна тайнае становіцца яўным…

У гэты дзень — а ён быў якраз нядзельны — Панас прачнуўся позна: шнуры ставіў на стронгу і лёг запаўнач. Заварыў сушаны чабор, добра насаладзіў той вар і выпіў аж два фарфоравыя кубкі — з пячэннем ды абаранкамі, якія ніколі не зводзіліся ў Панаса, бо прыносіў ён тых абаранкаў з горада ледзь не мяхамі і падвешваў на печы да столі — і ад людскога вока падалей, і мышы не пашкодзяць. Выйшаў на падворак і ўбачыў, як ад дарогі, што вяла на Замошша, завярнуў да яго Ігнат. Ён добра ведаў Ігната, лічыў яго сваім чалавекам, але недалюбліваў, як і ўсіх, хто вельмі ўжо дасціпна суецца ў яго асабістае жыццё, а Ігнат апошнім часам нешта вельмі часта, трэба ці не трэба, завітвае да яго на хутарок.

Ігнат здаля памахаў шапкаю і, ветліва ўсміхаючыся, прыязна выгукнуў:

— Добрага здароўя, паважаны Панасе!

Панас махнуў здаравеннай рукою і незадаволена прабурчаў:

— Ат, якое там здароўе…

Потым паднёс ад хлеўчука дзве калодкі, якія там заўсёды стаялі, паставіў пасярод двара і сам сеў на адну. Ён не любіў запрашаць людзей у хату.

Калі госць таксама сеў, махаючы каля твару шапкаю — ці то ад спёкі, ці то ад камароў,— загаварыў нецярпліва:

— Кажы, гэна самае, чаго прыйшоў… Не камароў жа ганяць, пэўна…

— Не, вядома…

— Выкладвай, а то мне часу няма, трэба ісці шнуры праверыць. І так во заспаў, без абеду застануся…

— Па-першае, прывітанне табе ад Зыгмуся… Яшчэ больш незадаволена нахмурыўся Панас, злінялыя рыжыя бровы сышліся на пераноссі.

— Якая ад яго цяперака, былога пана, карысць, калі ён голы, той пан…

— Можа быць і карысць, і немалая, — загадкава ўхмыльнуўся Ігнат, надзяючы тую шэрую шапку, якой махаў, і шапка насунулася аж да адтапыраных малых вушэй. — Я ўведаў, што пан і не голы!

— Бач ты-ы! — ажывіўся Панас. — Ці не вярнулі яму былыя ўладанні?

— Не вярнулі… Але сынок Гурэцкага мае план, у якім паказана месца, дзе захавана золата…

— Бач ты-ы! Золата! — усё яшчэ не даваў веры Панас. — І шмат у яго таго металу?

— Ды, відаць, нямала… Толькі вось бяда: план той зашыфраваны, па ім, акрамя гаспадара, ніхто таго скарбу не знойдзе…

Было бачна, як замкнёны і нахмураны Панасаў твар спакваля дабрэе, бялявыя вочы ажываюць.

— Хм-м… Золата яно і ёсць золата, за яго, вуньдзіка, у Таргсіне што хочаш можна купіць.

— Вось-вось, — падбадзёрваў яго Ігнат.

— Праўда, багаты быў стары Гурэцкі, не забраў жа ён, гэна самае, сваё дабро ў высылку… Гм-м… А як жа да таго Зыгмуся падступіцца? Кокнуць хіба? Усё роўна ніхто шукаць не будзе…