Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 41

Николай Михайлович Водоносов

— Я пажартавала, — залілася яшчэ большай чырванню Анюта: да яе дайшло, што Мікола мог пакрыўдзіцца, ён меншы ростам і да таго ж худы. Вядома, якое там можа быць параўнанне з Алесем. Прысела да Міколы, быццам паглядзець на кнігі, перавяла гаворку. — Вам во колькі даў, а мне дык не дазваляе і ў рукі ўзяць.

— А ты да нас прыходзь чытаць! — узрадаваўшыся выпадку запрасіць Анюту, сказаў Мікола і паглядзеў на яе ва ўпор сваімі добрымі карымі вачамі.

Яна ўзяла ў рукі адну кнігу ў зялёнай вокладцы з чорнымі літарамі, разгарнула яе і прачытала:

— Бальзак. «Евгения Гранде»… у перакладзе Дастаеўскага, год тысяча восемсот сорак чацвёрты… — Уздыхнула, дадала: — Ды такую кнігу прачытаць — тры дні мала. А ты кажаш — прыходзь. Некалі мне. Можа, узімку хіба… Ну дык я пайшла…

— А мы бачылі таго, хто да вас прыходзіць ноччу, — каб хоць на які час затрымаць Анюту, пахваліўся Алесь. — Нават гаварылі з ім доўга…

— Хто ён? — спытала Анюта і запытальна зірнула на Міколу, які выпусціў з рук кнігі і цяпер стаяў насупраць яе і, зачараваны яе прыгажосцю, толькі лыпаў вачамі.— Хто ён? — паўтарыла яна пытанне.

Мікола адвёў позірк, ціха прамовіў:

— Баяцца яго няварта, і шкадаваць — таксама. Разумееш? Не баіцца ён вашага Ваўчка, а што ходзіць ды тое-сёе носіць — так трэба. Пасля пра ўсё раскажам, — баючыся, што Алесь яшчэ што лішняе скажа, дадаў: — Больш нічога не пытай. Так трэба.

— Ага, — выдыхнула Анюта. — І вінтоўку далі — так трэба. Хай застрэліць каго… той Зыгмусь.

— Не застрэліць, Анюта, — сказаў Мікола.

— Аню-юта-а! — пачулася ад хутара непрыемна-хрыпатае, і яна аж уздрыганулася.

— Во — на хвіліну адысці нельга, роб яму толькі і роб, як той вол…

— Нічога… Мне думаецца, нядоўга ўжо яму камандаваць табой, — сказаў Мікола, каб толькі суцешыць Анюту, бо ён і сам яшчэ нічога пэўнага не ведаў.

Калі Анюта адышлася ўжо даволі далёка, Алесь сказаў з уздыхам:

— І скарэй бы ўжо таго Ваўчка за жабры ўзялі… Мне так шкада Анюту…

— Возьмуць, — не дужа ўпэўнена прамовіў Мікола, а сам падумаў, што Анюту яму таксама шкада, што чым мець такога бацьку — лепш ніякога, як у яго, Міколы.

Хлопцы падабралі свае кнігі і рушылі да броду.

Тайна Крывога Панаса

Калінаўка — вёска невялікая, хат каля дваццаці, і стаяць яны каля самага балота, на выспе, абсаджанай векавымі дубамі. Хаты стаяць не ў рады, як усюды, а раскіданы па выспе — якая дзе, то купкамі, а то і паасобку.

Балота называецца Галым, яно не дужа вялікае, але такое тванкае, што людзі яго абыходзяць, бо журавіны і тыя там не растуць. Ці адну неасцярожную жывёліну ўжо засмактала балота, загубіла.

Улетку ў Калінаўцы на сонейку голы не пагрэешся: хмары машкары і камароў, ад якіх аж звініць паветра, не даюць спакою ні ўдзень ні ўночы. Адно збавенне, калі моцны вецер, а які тут, паміж лясоў і балот, вецер? Адным словам, глухмень несусветная. Тут узімку, у самую піліпаўку, ваўкі — не рэдкія госці. Бывае, як пачнуць выць на ўскраі балота, аж мурашы пад кашуляй забегаюць — жудасна робіцца, людзі з хат носа не выткнуць, сабакі і тыя заціхнуць, забіўшыся ў свае будкі-норы. Бывала, бралі ваўкі на вуліцы вёскі сабак…