Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 42

Николай Михайлович Водоносов

Затое восенню, калі ападзе з дрэў лісце, вакол вёскі загараецца калінавы пажар. Калінавае кустоўе бы гарыць рубінавымі гронкамі буйных ягад, і здаецца, што гэтаму полымю няма канца-краю. Тады злятаюцца сюды баравыя птушкі на адкорм. Што за прыгожыя птахі! Чорныя, з сіневатым адлівам, з лірападобнымі хвастамі і белым падхвосцем цецерукі, бы прыбраныя на якое свята, злятаюцца сюды чародамі. А глушцы цёмна-шэрыя, з рыжаватымі хвастамі, вялізныя, больш метра ўдоўжкі, ды такія важкія, што сукі каліны аж гнуцца да зямлі, пад іх цяжарам. Паглядзець на такое — любата! Якое раздолле для паляўнічага! Ды толькі, як з'ехалі паны, паляўнічых, лічы, тут не засталося. Адзін Крывы Панас кожную восень ставіць сілкі на птушак і ловіць іх у тыя сілкі нямала.

Крывы Панас — чалавек-загадка для многіх, у тым ліку і для калінаўцаў. Пасяліўся ён тут даўнавата, як прыйшоў з «германскай», прыйшоў скалечаны. Спачатку кватараваў у старой Яўхіміхі, а як тая памерла, прысвоіў яе куточак, яе хатку на два акны, якая стаіць ад самага балота. Так, нідзе не працуючы, і пражыў тут. Гародчыка не меў, жывёлу ніякую не трымаў, хоць і стаяў побач з хатай нізенькі хляўчук, як і хатка, крыты кулявой саломай. Не было ў яго, як у іншых, ніякіх запасаў, нават дроў, і цягаў ён іх усю зіму на санках, накшталт развалак, якія сам зрабіў, з дабротнымі бярозавымі палазамі, лёгенькія, ёмкія. На іх Панас прывозіў з балота на тыдзень паліць у печы альховых сухастоін — за раз. Тыя сухастоіны ні сячы, ні піліць не трэба — піхнуў рукою, развагаў высокую і голую, як слуп, алешыну — і яна абрушыцца на зямлю кавалкамі, сухімі як порах…

Наогул, у балота Панас хадзіў амаль увесь год і зведаў усе выхады і праходы. Ён не толькі паляваў восенню на птушак, а яшчэ лавіў у празрыстай рачулцы, што працякала між балотам і вёскаю, дзіва-рыбу стронгу, з залацістымі зорачкамі па баках, якая называлася ў народзе царскаю. І калі Панас гатаваў з яе юшку — а гатаваў ён яе не інакш як на дварэ, дзе раскладаў між цаглін агеньчык, — то пах ад той юшкі разносіўся па ўсёй Калінаўцы.

— Божы чалавек сняданне гатуе, — гаварылі вяскоўцы пра Панаса. І гэта была нейкая праўда: жыў Панас, як думалі многія, выключна тым, што давала яму шчодрая прырода. Адно не маглі зразумець людзі — адкуль Панас бярэ грошы? А што яны ў яго вадзіліся, ад людзей не схаваеш. Калі ўсе на тым часе насілі лапці, Панас хадзіў у дабротных ялавых ботах, якія заўсёды тлуста мазаў дзёгцем, каб не намакалі. Для зімы меў і катанцы з галошамі, і аўчынны кажух, і ватовыя штаны. Ды і ў хатцы яго ложак быў не голы. Не, не голы быў бабыль Крывы Панас! І не галодны. Пагаварвалі некаторыя людзі, што ці раз бачылі ў яго хаціне нейкую маладую жанчыну, а вось хто яна, тая жанчына, ніяк угледзець не маглі: прыходзіла яна прыцемкам, а калі выходзіла — аднаму Панасу вядома. І ламалі людзі галовы, думаючы, а раўнівыя мужчыны яшчэ пільней сачылі за сваімі кабетамі. Апошнім часам, праўда, быццам нехта прасачыў, што сляды той жанчыны вядуць у Замошша, ды і жанчына быццам падобна на Куліну, таксама адзінокую. І хоць прыгажосцю бог яе пакрыўдзіў, але ж хто такі Крывы Панас! Бабыль-недарэка, ды і ці блізкі свет тое Замошша? Да той Куліны, казалі, сватаўся мясцовы каваль, чалавек яшчэ малады і дужы, як мядзведзь той, і якому Куліна адмовіла. Адным словам, адна толькі гаворка, а што было ў сапраўднасці, ніхто пэўнага нічога не ведаў, бо гэты «божы чалавек» быў не толькі загадкай, але і вялікай таямніцай. У яго былі як бы два жыцці: адно паўсядзённае, на людзях, і другое — скрытае ад людзей, жыццё, пра якое ніхто нават і не здагадваўся…