Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 40
Николай Михайлович Водоносов
— «Бедные люди», Достоевский. Во гэта, відаць, кніга! Бач, пра бедных людзей… — першы пачаў Мікола.
— «Записки врача», Вересаев… Тысяча дзевяцьсот першы год. Ціка-ава, — працягнуў кнігу Міколу Алесь. — Паглядзі…
— А ты во паглядзі — «Идиот». Яшчэ ранейшая — тысяча восемсот шэсцьдзесят восьмы год…
— «Война и мир». Граф Толстой… Граф! Чуў, Мікола?
— А вось — тры кнігі Чэхава…
Так яны дзівіліся свайму скарбу, перабіраючы кнігі, праціраючы іх далонямі.
— Нашы яны, нашы-ы, — радаваўся Алесь.
— А чаму — толькі нашы? — запытаўся Мікола, гладзячы вокладку верхняй кнігі.
— А чые ж яшчэ? — насцярожыўся Алесь. — Я свае нікому не аддам…
— Мы занясём іх у школу… Для ўсіх, хай чытаюць усе, — строга зірнуў на сябра Мікола. — Я не хачу быць сквапным аднаасобнікам…
— Яшчэ трэба паглядзець, можа, яны буржуйскія, не падыдуць для ўсіх. Графы тут розныя…
— Пятро Іванавіч скажа.
— Пікулік? Дык жа ён сам, казаў, стаў настаўнікам з сялян… Можа, і не чытаў такія, панскія…
— Разбярэцца…
Яны хацелі пайсці, як заўважылі, што ад хутара бяжыць сюды Анюта.
— Пачака-айце, хло-о-опцы-ы! — замахала яна хусцінкай, ды хлопцы і без гэтага ўжо яе чакалі. Задыханая, чырванатварая ад хуткага бегу, Анюта здалася ім вельмі прыгожаю ў гэтую хвіліну, бо хлопцы глядзелі на яе, як на якое дзіва, быццам у першы раз.
— Я ўсё бачыла… Усё, — адразу пачала яна дакорліва. — Я была ў гародчыку і бачыла, як вы прынеслі вінтоўку і выменялі на гэтыя кнігі…
Анюта, пэўна, думала, што хлопцы адразу збянтэжацца ад такога яе раптоўнага нападу, разгубяцца, але яна ўбачыла, што яны не звярнулі на яе словы нават ніякай увагі, і сумелася сама.
— Ну і што? — спытаў Алесь. — Выменялі… А мы ні ад каго і не хаваліся.
— Вось як! Ды ці ведаеце вы, каму ён панясе тую вінтоўку? — ужо сабралася з думкамі і зноў пайшла ў наступ Анюта, раз-пораз азіраючыся на свой хутар.
— Анюта, — ціха сказаў Мікола. — Мы зрабілі так, як трэба. І не пытайся больш ні пра што, не скажам. Слова давалі…
— Каму?
— Прыйдзе час — даведаешся.
— Мне мама казала, што сляпы жабрак — Зыгмусь Гурэцкі,— ужо лагодней прамовіла Анюта. — І прасіла нікуды не адыходзіцца з хутара, асабліва — у Мокры Лог.
Анюта прысела да хлопцаў, абхапіўшы вострыя калені рукамі, і задумалася.
— Баішся яго? — спытаў Алесь і першы падняўся з зямлі.
— Баюся…
— З намі, Анюта, табе няма чаго баяцца. Мы з Міколам за цябе любому галаву скруцім!
Анюце спадабаліся гэтыя словы, яна таксама ўскочыла на ногі, стукнула Алесю кулаком у напятыя грудзі і засмяялася.
— Во — як у бубен… Ты-то ўжо вымахаў, бо старэйшы за Міколу на паўгода, — зірнула на Міколу спагадліва, дадала: — Але, думаю, Мікола за цябе дужэйшы.
— Барокацца мы не будзем, — зразумеўшы, куды хіліць Анюта, Мікола, не падымаючыся, пачаў збіраць кнігі.— Ды гэта і не так важна — хто дужэйшы…