Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 39
Николай Михайлович Водоносов
— Ну, Мікола, трымайся, — ціха сказаў Алесь і дадаў: — Мусіць, адбіраць пачне…
Ды Ваўчок стрымана падышоў, хапіўся за галаву рукамі, закрычаў бы ад страху:
— Кідайце яе! Кідайце, кажу! Яшчэ стрэліць, пазабіваецеся, чэрці лазатыя! — і сам хуценька за дрэва, быццам баіцца, што вінтоўка стрэліць.
— А ў нас патроны во — у кішэнях, — паказаў адтапыраную кішэню — аж сцягвала штаны — Алесь.
Было відаць, што Ваўчок разгубіўся, не ведае, як і падступіцца да хлопцаў, каб і вінтоўку займець, і хлопцаў вакол пальца абвесці.
— Нашто яна вам? — пачаў ён лагодней, паволі набліжаючыся да Міколы, які гэтак жа паволі адступаў назад. — Адзін клопат. А я от занясу, куды трэба, здам… Дзяржаўная ж яна, ды і трымаць небяспечна, судзіць за гэта могуць…
— Ладна, — сказаў Мікола і спыніўся. — Толькі так не аддадзім, на што якое памяняць можам…
— А на што ж?
— Можа, у вас кнігі якія ёсціка? — каб не выдаць Анюту, быццам не ведаў, спытаў Мікола.
— Ёсць! — узрадаваўся Ваўчок, аж загарэліся яго вочкі-свярдзёлачкі.— Розныя. Хадземце, даражэнькія, выбірайце сабе, якія даспадобы…
Кнігі — гэта ўжо багацце. Кніг не было ні ў Міколы, ні ў Алеся. Нават у школе іх бедна. Усё больш газеты. Чытаючы іх, хлопцы ўжо многае ведалі, што робіцца на свеце. Ведалі, што краіна ўступіла ў сваю першую пяцігодку, што хутка дасць ток магутная гідраэлектрастанцыя на Дняпры, будуецца магнітка, а да канца пяцігодкі ў сёлах будзе створана тысяча трыста машынна-трактарных станцый. Людзі працы ўзяліся за аднаўленне краіны з небывалым уздымам і энтузіязмам. А вось у іх, на хутарах, жыццё быццам замерла, топчацца на месцы. Нейкая цемната, глухата вакол. Хлопцам так хацелася вырвацца з гэтага балота на прастору, акунуцца ў тое вірлівае жыццё, пра якое яны толькі чыталі і марылі.
Кнігі — гэта пазнанне жыцця. Чытаючы адзіную сваю кніжачку «Слёзы Тубі» Янкі Маўра, яны ўпершыню адкрылі для сябе, што яшчэ ў свеце існуе жорсткая несправядлівасць, што адны людзі нічога не робяць і карыстаюцца працай другіх, забітых і абяздоленых. І яны ведалі, што ў краіне Саветаў назаўсёды пакончана з класавай несправядлівасцю…
Які ж новы свет адкрыюць тыя кнігі, якія Ваўчок ім дасць? Цікаўнасць і нецярпенне падганялі хлопцаў, клікалі — хутчэй бярыце, пакуль не позна!
Калі Ваўчок завёў іх у нейкую брудную прыцемненую каморку і адчыніў вечка прыгожага куфэрка, абабітага жалезам, яны бы знямелі: там, колькі было месца, роўнымі радамі ляжалі кнігі. Тоўстыя і тонкія, у простых вокладках і чорных скураных, з залатым абрамленнем і залатымі літарамі, запыленыя, але такія прывабныя, жаданыя…
— «Мальтийские рыцари в России», — прачытаў Алесь на адной вокладцы і схапіў кнігу так цэпка, быццам у яго збіраліся яе адабраць.
— Бярыце, колькі здужаеце занесці,— зірнуўшы на яго, засмяяўся Ваўчок. — А то я ўзімку ледзь не папаліў іх у грубцы. Вось і добрачка. Абмен тавараў… Вы — мне, я — вам… Э-э, здам у раёне, нештачка і мне дадуць…
Ён ужо трымаў вінтоўку і кляцаў затворам.
Хлопцы апаражнілі кішэні, набралі, як тых дроў, па бярэмю кніг — не бралі толькі на незразумелай мове — і, быццам баючыся, што Ваўчок перадумае, хуценька панеслі свой скарб да рэчкі. Неслі, аж запыхаліся, і толькі каля рэчкі прыпыніліся, паклалі кнігі на траву і прыселі каля іх, каб разгледзець лепш, чаго яны набралі.