Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 34

Николай Михайлович Водоносов

— Дык жа і не я. А хто тады?

Яны яшчэ пасядзелі крышачку, потым паволі вылезлі са свайго сховішча і крадком пакіравалі да хутара. Але не прайшлі і паловы дарогі, як заўважылі каля куста чорны сілуэт Ігната. На фоне зорнага неба ён выглядаў надзвычай высокім.

Яны спыніліся ў нерашучасці, аж прыгнуліся да зямлі: Ігнат стаяў якраз на іхняй дарозе, каля броду. Ці не заўважыў, часам, ён іх? Каго чакае?

— Падыдзіце, разведчыкі,— нечакана даволі гучна сказаў Ігнат, а хлопцам здалося, што голас яго скалануў паветра грамавым раскатам. — Не бойцеся… Мы ўжо тут з вамі сёння сустракаліся…

Яшчэ можна было ўцячы, і яны, схапіўшыся за рукі, хацелі кінуцца ў хмызняк, што густа рос каля ракі, як пачулі зусім ужо неверагоднае:

— Я вас пачуў яшчэ там, пад павеццю… Эх, гора-разведчыкі! Доўга я буду вас чакаць? У мяне і для вас ёсць загад, толькі ўжо ад Тупіка…

Мікола выпусціў Алесеву руку.

— Ты бяжы на хутар, а я падыду да яго! — рашуча сказаў ён. — Ігнат жа за намі не гоніцца, а з такімі нагамі мог бы дагнаць у два скачкі…

— Не, — запярэчыў Алесь. — Мы падыдзем удвух…

І яны паволі, зноў перасільваючы страх, паддаўшыся нейкаму незразумеламу інстынкту, пачалі набліжацца да Ігната, гатовыя ў любы момант ірвануць у кусты. Не дайшлі, можа, крокаў дзесяць, спыніліся, насцярожыліся.

— Усё падслухалі, жэўжыкі? — спытаў у іх Ігнат насмешліва. — Добра, што той Іван глухаваты, не ўчуў, як нехта з вас чмякнуўся на сена.

— Гэта я… сеў,— прызнаўся Алесь.

— Дык от што, блазнота, — ужо больш строга прамовіў Ігнат. — Больш туды не хадзіце, а то гэта стала вядома таму, каму не трэба ведаць… Так і да бяды недалёка… А пра вінтоўку мне Кузьміч сказаў. Былі вы ў яго? Гаварылі? То-та… Цяпер не апраўдвайцеся. Пайшлі от лепш да вас на хутар. У мяне важная справа ёсць…

— Не пойдзем! — адрэзаў Мікола. — Вы служыце бандыту Зыгмусю…

— І вы яму служыце, — сказаў на гэта Ігнат.

— Ніколі!

— Зыгмусь — гэта цяпер нуль, разумееце? Галоўнае цяперака знайсці сапраўдных бандытаў, тых, хто абрабаваў магазін, хто можа яшчэ натварыць бяды…

— А пра вінтоўку нашто вы сказалі Ваўчку? — пасмялеў, азваўся і Алесь.

— Каб яе, як і задумана, атрымаў Зыгмусь.

— І страляў у Тупіка? — усё больш злаваўся Мікола. Ён ніяк не мог зразумець — што Ігнат за чалавек і каму на самай справе ён служыць.

— Не стрэліць… калі вы мне яе цяперака на нейкі час дадзіце…

— Вы былі ў бандзе…

— Быў… Але гэта не вашага розуму справа! Хопіць, хлопцы! — нарэшце бы загадаў Ігнат. — Усё пра мяне вам раскажа сам Кузьміч, вы толькі папытайце…

— От як раскажа, тады і вінтоўку, — пачаў быў Мікола, але Ігнат яго перапыніў:

— Згодзен… Толькі з адной умовай.

— Якой? — спытаў Мікола.

— Каб пра нашу начную размову больш не ведала ні адна жывая душа, а то… кепска вам будзе, хлопчыкі…— У голасе Ігната пачуліся пагрозлівыя ноткі.— Зарубіце гэта сабе на носе, хлопчыкі…

Ён хістануўся і знік. Ды так раптоўна, што хлопцам падалося — праваліўся скрозь зямлю. Быццам і не было яго тут. Хлопцы яшчэ нейкі час пастаялі і пайшлі да броду, на хаду падкасваючы штаны.