Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 33

Николай Михайлович Водоносов

Хлопцы зноў рушылі наперад, але больш асцярожна. Пераадольваючы страх, як лісы, прыпадаючы да зямлі, падкраліся яны да павеці, што стаяла на водшыбе, непадалёк ад хаты, зашыліся між леташнімі жытнёвымі снапамі і свежым сенам і сцішыліся. Ціха было і навокал. У вокнах святла не відаць, толькі свяціліся шчыліны высокіх дзвярэй, што вялі ў прасторныя сенцы. Там чутна была і прыглушаная гаворка.

— Падслухалі, называецца, — шапнуў Алесь.

— Цс-с! — Мікола прыкрыў яму далоняй рот, бо ў гэты час дзверы адчыніліся, і два цёмныя і таму дужа страшныя мужчыны выйшлі на ганак, сышлі з прыступак — тук-тук-тук. Тры прыступкі. І вось постаці ўжо кіруюцца да паветкі. У хлопцаў аж дух заняло, аж мурашкі пабеглі пад кашулямі: постаці падышлі так блізка, што было чуваць, як цяжка сапе тоўсты дыхавічны Іван.

Алесь аж сеў на сухое як порах сена, і тое зашамацела, здавалася, вельмі гучна. Хаця б не пачулі тыя! І добра, што ў гэты момант загаварыў Ігнат.

— Тут-то нас ніхто не пачуе, — пачаў ён гучна. — А прыйшоў я вось чаго… У хлопцаў з таго берага недзе схавана вінтоўка і патроны… Шмат патронаў… Дык ты, будзь ласкаў, выведай як-небудзь — куды яны тое дабро схавалі, ды перахапі. Зыгмусь добра адмервае, не пашкадуе…

— Як жа ты ўведаеш, дзе схавалі,— буркнуў Ваўчок. — Не возьмеш жа іх загрудкі…

— Хітрасцю трэба. Сам прыдумай — як…

— А ты мне не загадвай! От вазьму ды незнарок прагаваруся, дзе не трэба, га? Ха-ха-ха!

— Не здзекуйся…

— А я магу!

— Ведаю, можаш… Мог, правільней. Цяпер запэцкаўся… Ды гэта загад, разумееш? Не мой, вядома, загад, а яго…

— Я яшчэ не запісаўся ў вашу банду, каб мне загадвалі. І не запішуся! Сваю долю забяру — і будзьце здаровы, я вас не ведаю, вы — мяне. Я чэсны чалавек…

— За долю плаціць трэба, адрабіць, калі ты такі ўжо чэсны чалавек…

— А харч, а вопратку, што насіў у капліцу — не работа? — павысіў голас Ваўчок.

— То ж я табе прыносіў — і кумпякі, якія ты, дарэчы, дзяліў… І сала, і бушлат… Сам у людзей краў, а табе даваў.

— І яшчэ дасі! Ты, брат, моцна ў маім кулаку сядзіш! — зноў зарагатаў Ваўчок. — Калі сям'ю маеш, то не збяжыш. Добра я цябе тады прыкмеціў, калі яшчэ Скуратовіч у Пабярэжжы баляваў, ты тады пры яго кані быў, халуём!

Нічога не адказаў на гэта Ігнат, толькі цяжка, са стогнам, уздыхнуў.

— Ладна, — нарэшце зноў падаў ён голас. — Паспрабуй выведаць у хлопцаў тое-сёе, паласкавей з імі будзь, не гыркай. Можа, які яшчэ і зяцем будзе…

— Дурань! Вярзеш абы-што…

— Табе ж на карысць, табе запішацца, а не мне. Хай з тваіх рук Зыгмусь зброю атрымае — от якая справа цяперака табе дадзена, калі ты ў наш хаўрус уступіў…

Яны яшчэ пагаварылі крыху ды разышліся. Ваўчок пайшоў дадому, а Ігнат — уніз, да рэчкі.

Хлопцы ж сядзелі, бы хто іх там прывязаў. Нечаканая навіна аглушыла іх, пазбавіла сілы: ворагі ведаюць, што ў іх ёсць вінтоўка. А гэта ўжо небяспечна…

— Мікола, чуеш, — ледзь не плачучы, пачаў Алесь. — Хто гэта сказаў Ігнату, што ў нас вінтоўка? Га?

— Каб жа я ведаў — хто? Можа, ты дзе прагаварыўся…

— Я? Ты што гэта?! Каб мне язык апух, калі я дзе што якое каму…