Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 32
Николай Михайлович Водоносов
— Толькі помсту. Адпомшчу сваім крыўдзіцелям і знікну. Назаўсёды.
— Куды знікнеш?
— У буйны горад падамся. Там цяпер можна вунь як між людзей зашыцца. Дастаў новыя паперы, як ты, і жыві сабе!
— А мы — як?
Зыгмусь паволі павярнуўся да Ігната, нейкі час глядзеў на яго доўгім варожым позіркам.
— У мяне такое адчуванне, быццам я ў кабінеце следчага, — націскаючы на апошняе слова, глуха вымавіў ён. — Вужака ты, Ігнат, задужа слізкі. Невядома, якім паветрам ты дыхаеш. Якія от у цябе планы?
— Я знайду тых, хто папрацаваў у Загацці,— памяркоўна сказаў Ігнат.
— Толькі не з маёй дапамогай, — адразу ж падхапіў Зыгмусь. — Ясна?
«Во — гад! Як у ваду глядзіць… Ці ён думкі мае чытае?» — падумаў Ігнат і прамовіў сцішана:
— Сам знайду. У Калінаўку пайду да аднаго чалавека. Ён, здаецца, нешта ведае…
— Да Крывога Панаса?
— Да яго…
— Дарэмна!
— Чаму?
— Зноў допыт? Хто табе назваў яго імя?
— Ты…
— Калі? — узняў чорныя густыя бровы Зыгмусь.
— Вось цяпер… Спытаў — да каго я пайду. І адказаў — да Крывога Панаса. Я ж толькі падазраваў яго, а ты сваёй падказкай пацвердзіў маё падазрэнне на Крывога Панаса…
— Ну і следчы!
— Там трэба шукаць сляды, што вядуць ад Загацкай крамы, гэта факт…
Нічога не адказаў на гэта раптам пазмрачнелы Зыгмусь. Лёг на пасланы ля агню вайсковы бушлат, падпёр правай рукою галаву і задумаўся, аж вочы прыжмурыў. Быццам заснуў.
Зноў згаслы агонь ледзь асвятляў яго аброслы, малпападобны твар. Ужо добра сцямнела, і Ігнат заспяшаўся.
— Ну, я пайшоў дадому, — стаў ён на ногі.— Спраў — на ўсю ноч… Цябе вось яшчэ кармі…
— З богам, — Зыгмусь нават не крануўся. І толькі тады, як заціхлі Ігнатавы крокі, падхапіўся, сеў, агледзеўся, падумаў: «Трэба мяняць месца. Пайду ў Мокры Лог. Чорт яго ведае, гэтага Ігната, што ў яго наўме. Штосьці хітруе, выпытвае. А раптам ды сапраўды правакатар? Не! За службу ў Скуратовіча яму ніхто не даруе. Вось толькі дужа падазрона, як гэта ён пазбег суда. Чорт! І што ён толькі ад мяне хоча? Золата? Ха-ха-ха!»
Ад гэтых думак Зыгмусю стала весялей. Падняў з зямлі бушлат, які дні тры назад прынёс у капліцу Ваўчок, торбу з ежай. Торбу павесіў на плячо — так зручней ісці. Толькі ішоў ён цяпер не смела, як першы раз, ішоў з аглядкай, часта прыслухоўваўся да наваколля: цяпер ён сябе выкрыў, страляў у Тупіка. Могуць быць засады. Той не даруе такога няўмелага стрэлу, той страляе трапна…
Зацкаваным зверам ішоў пан Гурэцкі-малодшы па начным сцішаным лесе…
Як толькі хлопцы перайшлі бродам рэчку, яны ледзь не натыкнуліся на ўжо знаёмага Ігната. Ён ішоў уздоўж рэчкі і нешта мармытаў сабе пад нос.
— Ледзь не прагарэлі,— калі доўгая постаць растварылася ў начной цемрадзі, прамовіў Алесь.
— Затое прыйшлі ў час! Ён яшчэ толькі пайшоў да Ваўчка, — задаволена азваўся Мікола. — От будзе што заўтра Тупіку расказаць!
Алесь быў не такі аптыміст. Ён ішоў, часта азіраўся, спыняўся, услухоўваючыся ў наваколле, быццам за імі хто цікаваў.
— А можа, павернем? — у які раз спыніўшыся, папрасіў ён. — Бандыт жа ён… той Ігнат…
— Сказаў яшчэ! — тузануў яго за рукаў Мікола. — Разведчык, называецца…