Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 36
Николай Михайлович Водоносов
З такімі думкамі Тупік мінуў могілкі і праз негусты хмызняк выехаў да хутара Гурэцкага. Спыніў каня на ўзмежку жытнёвага поля і акінуў позіркам далягляд. «Знесці ўсё гэта! Каб і знаку не засталося. Альбо калгасны статак сюды перавесці, у абору. Хутар Красоўскага — пад школу! Так і далажу ў раёне. Няма чаго таму Ваўчку хутарское карэнне пускаць… Кулак знайшоўся! Спярша за золата вылюдкам паслужыць, а там, глядзіш, і сам перародзіцца ў вылюдка…»
Вось і першы хутар, Зыгмусеў засценак. Прывязаў каня да грушы, што расла пры веснічках з астаткам плота, і толькі наважыўся ісці ў хату, як з прыбудоўкі, абвешаныя сенам, высунуліся заспаныя хлопцы.
— Ці не спалі вы, брацішкі, так позна? — усміхнуўся Кузьміч, усоўваючы бізун у халяву бота. — І не сорамна вам? Ай-я-яй… Так і сусветную рэвалюцыю праспаць можна.
— А мы толькі пад раніцу ляглі,— адразу апраўдаўся Алесь, абтрасаючы рукамі сена з кудлатай галавы.
— Чаму ж так позна?
— Была тут адна работка, — ужо зірнуўшы на Міколу, цішэй сказаў ён. Хлопцы наблізіліся да Тупіка, спыніліся.
— І якое ж гэта дзела? А можа, сакрэт?
— Не, не сакрэт, — раптам Мікола, чаго раней за ім не назіралася, выйшаў наперад, дадаў дзелавіта: — Мы сачылі за доўгім Ігнатам. Ведаеце такога?
— А-а, вось яно што! — Кузьміч паківаў галавою і насмешліва зірнуў на хлопцаў.— Ведаю, як вы кажаце, доўгага Ігната. І даўно…
— Дык раскажыце нам пра яго, — папрасіў Мікола, — а то нешта мы нічога не разумеем — наш ён ці не наш…
— Ну што ж… — Кузьміч азірнуўся наўкола, каб упэўніцца, што іх ніхто не падслухоўвае, і ўжо цішэй сказаў: — Баяцца яго не трэба. І сачыць за ім няварта…
— А чаму? — спытаў Мікола.
— Хутка самі зразумееце…
— Ён ведае, дзе хаваецца Зыгмусь, ходзіць да яго, — уставіў сваё слова і Алесь.
— І я ведаю. Ды і вы, думаю, таксама здагадваецеся… Гэтак я кажу?
— Не зусім, — пакруціў галавою Мікола. — У каплічку, пэўна, ходзіць, бо Ваўчок туды яму розны харч носіць, а вось дзе ён спіць… Можа, у Мокрым Лозе?
— Вось бачыце! — весела сказаў Тупік. — Зыгмусь у нас тут ходзіць навідавоку, нідзе не дзенецца… — Раптам ён звёў светлыя бровы, пасур'ёзнеў.— Толькі помніце — Зыгмусь класавы вораг, ён здольны на любое злачынства. Таму перш за ўсё нам трэба яго абяззброіць…
— Даць нашу вінтоўку? — з'едліва і хітра спытаў Алесь.
— Вось іменна! Будзе бяда, калі ён знойдзе якую іншую, а не вашу… А каб вінтоўка не стрэліла, вы зараз збегаеце да млына і прынясеце яе мне… паглядзець… Зараз жа, — паўтарыў міліцыянер.
— Ды мы збегаем! — гатовы сарвацца з месца, выгукнуў Алесь, але Мікола, як было бачна, не спяшаўся.
— Скажыце, — зірнуў ён на Тупіка дапытліва. — Ігнат — ваш памочнік? Мне думаецца…
— Пра гэта ніхто не павінен ведаць! — перапыніў яго Тупік і дадаў, бы адрэзаў: — Ніхто!
— А ў бандзе Скуратовіча…
— Я раскажу вам пасля! — Тупік перапыніў Міколу і паказаў на млын. — Бяжыце туды і прынясіце вінтоўку. Патроны не бярыце, пасля…
Хлопцы пабеглі, а Тупік зайшоў у хату.
Ёмка ўсеўшыся каля акна, Мірон падплятаў пяньковай аборынай лапаць. Убачыўшы міліцыянера, ён адразу адклаў сваю работу і ўстаў насустрач, працягнуўшы малую хударлявую руку.