Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 30
Николай Михайлович Водоносов
Цяпер ноч, цемра… Нават хутара Красоўскага не відно. Там ужо, напэўна, спяць. А ці ўсе? Ці не чакае там Іван Ваўчок начнога госця Ігната? І пра што яны будуць гаварыць? Гэта ж так цікава. І так неабходна ведаць хлопцам. Яны ж цяпер не абы-хто, а разведчыкі самога Тупіка.
— Тата, мы пойдзем спаць… на сена, — гаворыць Алесь і ўстае. Устае і Мікола.
— Ідзіце, — гаворыць ім Мірон і задумваецца. І ўжо хочацца ведаць — пра што ён думае? Якая новая «хвіласохвія» прыйшла яму ў галаву.
Хлопцы быццам бы ідуць у прыбудоўку, дзе цяпер Міроніха складае сена, а самі, адышоўшыся, крута змяняюць напрамак і ўжо бягуць у бок рэчкі…
Зыгмусь сядзеў ля агню і думаў цяжкую думу: ці правільна ён зрабіў, прыйшоўшы сюды, дзе кожны чалавек, сустрэўшы яго, адразу пазнае. А можа, ужо даўно пазналі яго? Дадумаўся — прыкінуцца сляпым жабраком. Дзівак! З такой паходкай, як у яго, цяжка маскіравацца.
Сувязей у яго, лічы, ніякіх. З былой банды Скуратовіча азваўся толькі Ігнат. А хто ж абрабаваў магазін у Загацці? Ну, быў Крывы Панас. Гэта не Ігнат, гэты бабыль каго хочаш за грошы прадасць. Іван Ваўчок таксама не рыбіна — дробязь. Яму патрэбны тыя, хто абрабаваў магазін. Вінтоўку ж от нехта забраў! Хто? Дзе ён, той нехта?.. Вось яшчэ чаго не хапае — зброі. Голымі рукамі Тупіку і тым, хто пусціў на вецер яго, Зыгмусеў, маёнтак, не адпомсціш…
Зыгмусь прыгадаў, як страляў з нагана ў Тупіка, страляў адзіным патронам. Другога не было. І прамахнуўся. Цяпер той наган, як непатрэбная цацка. А патронаў у аборы было шмат. З вінтоўкі можна было зрабіць абрэз…
Непадалёку ў хмызняку кігікнула кнігаўка. Гэта Ігнат. Зыгмусь азваўся качкай. Гэта ён рабіў цудоўна: складзе рукі лодачкай і трубіць між вялікіх пальцаў, трубіць трывожна, гучна, бы сапраўдная качка. Гэтаму майстэрству навучыў яго бацька, калі яны хадзілі на паляванне на свае паплавы да ракі. Свае лугі! Як гэта балюча ўспамінаць! «Цяпер, вунь, на тых лугах ставяць стагі мужыкі, быдла. Ставяць сабе… От пайсці б ды папаліць тыя стагі…»
Падышоў Ігнат, прысеў побач, моўчкі пачаў падкідаць адгарэлыя канцы ў агонь.
— Ну, цо чуваць, цо новэго? — не стрываў, спытаў Зыгмусь, і асветлены зыркім полымем твар яго насцярожана застыў у чаканні.
— Ніц! — са злосцю адказаў Ігнат. — Нічога новага не чутно. Усё старое, як свет…
— А чэго пан злуецца?
— А тэго! Гаварыў бы як людзі, а то цокаеш, бы ты не гэткі ж беларус, як і я… І гэткі ж пан!
— Я естам поляк! — у сваю чаргу зазлаваў Зыгмусь.
— А-а, — махнуў рукою Ігнат, і малы, востры тварык яго скрывіўся ў пагардлівай усмешцы. — Ты такі ж паляк, як я француз. Шляхта недабітая — от хто ты естам…
«Гэты хам гаворыць праўду… і не баіцца. А раз не баіцца, то свой. Чужы падлізваўся б, дагаджаў… Але ж так вось, запанібрата… я не раўня яму, былому батраку…» — думалася Зыгмусю. Ён даўно пабойваўся Ігната, яшчэ з таго часу, калі той, як Скуратовіча акружылі вайскоўцы ды чэкісты, смелым манеўрам вывеў яго з акружэння. Тады, бадай, ім толькі і пашэнціла выратавацца…