Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 27

Николай Михайлович Водоносов

— А мой усё маўчком, уве-е-есь бацюта. — Цяпер ужо яна глянула на Мірона. Той сядзеў за сталом прыцішана, хоць сёння добра накасіўся і прыцёг аж дзве лясёнкі травы, раскідаў у садзе за хатай, каб сохла.

Хлопцы зайшлі, спыніліся каля дзвярэй, вочы долу. Ды Алесь і тут не мог доўга маўчаць, пачаў хуценька тлумачыць, што яны пасвілі Тупікавага каня, а потым баяліся ісці паўз могілкі, дык абыходзілі.

— Не балбачы от, а садзіся есці! — піхнула яго ў плечы Міроніха. — Карову папасвіў бы лепш, а то як падстрэляць дзе ў шкодзе, дык усе з голаду ногі выпрутаем.

І гэта была праўда: карова карміла аж дзве сям'і, не давала ім «сесці на нішчымніцу», як гэта было ўжо з многімі сем'ямі.

На нейкі час гамонка заціхла. Адно было чутно, як шкрэбаюць па місе пацямнелыя ад часу драўляныя лыжкі ды як гучна сёрбае з конаўкі сырадой Мірон. Конаўка была непамерна вялікая, зробленая з гільзы снарада, але такая блішчастая, быццам залатая: Міроніха любіла чысціню. «Хоць бедна, але чыста», — заўсёды гаварыла яна, зрабіўшы якую-небудзь хатнюю работу. Адзіная яе рудаватая сукенка кожны дзень была зранку як новая — і памытая, і папрасаваная. Увечары яна здымала яе і зноў мыла, каб раніцай апрануцца ў чыстае. Гэта было добрым прыкладам і сынам: Алесь і Пятрок шанавалі адзежу, у бруд не соваліся, спаць у ёй не клаліся, як гэта рабіў сам Мірон.

— Пагоніце, хлопцы, заўтра сівую пасвіць, — парушыла маўчанне Мар'я. — Хоць якая карысць будзе…

— Пагонім, мама, — адразу згадзіўся Мікола. — Ці ж мы калі адмаўляліся?

— А я от, дапраўдачкі, люблю такую працу, каб з яе не толькі сабе карысць была, а каб і людзі карысталіся, — раптам задуменна пачаў Мірон. — Праца — яна, як смага…

— Дык ішоў бы ў калгас! — проста адказала на гэта Міроніха і дабрадушна засмяялася. — Працуй сабе там на людзей колькі ўлезе!

— І пайшоў бы… Толькі там ад маёй работы наўрад ці прыбавіцца што. Мне каб адразу, скажам, гектараў дзесяць зямлі ўзараць… Або махам стог скідаць. За гадзіну! Каб і на адпачынак часу засталося…

— Нам у школе чыталі, што ёсць такія машыны, якія аж па тры плугі цягаюць, — нясмела, быццам сам сабе, сказаў Мікола. — І па дзве сеялкі…

— Во! — Мірон тыцнуў на яго пальцам. — Тады і мне ў калгас можна! Дзень парабіў, але каб відна была тая работа. Такая мая хвіласохвія…

— А рэзгіны сена зімой карове ўкінуць — гэта не твая хвіласохвія, так выходзіць?

— Сэрца баліць ад тваіх рэзгін… І карак — во! — намуляў, дальбог, дапраўдачкі…

— Дур у цябе ў галаве, чалавеча, — от што я табе скажу. Гэта ўжо мая хвіласохвія! — зноў дабрадушна засмяялася Міроніха і пайшла ў другі пакой, дзе была печ.

Мікола падміргнуў Алесю і кіўнуў на яго бацьку, маўляў, бачыш, як усё добра атрымалася: у іх свае клопаты, свая гаворка, і пра тое, дзе яны так позна былі, ніхто не дапытваецца.

Яны хуценька павячэралі і выйшлі на падворак.

Сіні вечар апусціўся на лес, поле, далёкія лугі; над ярамі віднелася шэрая смуга, быццам там гарэлі кастры і дым ад іх уздымаўся ўгору; дзесьці ў жыце натужна, як па камандзе, пачыналі рыпець рапухі; у балоце, над паплавамі перакрыкваліся драчы…