Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 26

Николай Михайлович Водоносов

Гэтая гульня спадабалася абодвум. Некалькі разоў Мікола адбегаўся і такім чынам клікаў Сняжка, і кожны раз той прыбягаў. Нават на першы свіст. Зрываецца з месца і галопам імчыць да свайго малога дрэсіроўшчыка…

— Міко-ола-а! — ледзь не плачучы, паклікаў таварыша Алесь. — Свісні — і я таксама прыбягу, толькі дай цукру! Дурань, знайшоў забаўку…

— Ты паглядзеў бы, як ён мяне лоўка на спіну падымае! — адкульсці данёсся слабы Міколаў голас.

— Чым? Капытамі? — з'едліва кпіў Алесь.

— Не, галавой…

Потым ужо, калі яны ішлі праз лес да свайго хутара, Мікола ўзрушана расказваў, як Сняжок, падбегшы на цукар, апускаў галаву, а ён, Мікола, садзіўся каню на шыю. Потым той узнімаў галаву, і Мікола лоўка, як з горачкі, слізгаў на спіну.

— Гэта дапраўдачкі здорава! — аж не верыў пачутаму Алесь. — Ён сапраўды кемлівы, той Сняжок. На яго можна залезці і пня не шукаць, абы-дзе, хоць на лузе, хоць на полі…

— Вось гэта адкрыццё! — усё больш захапляўся Мікола. Ён размахваў рукамі, забягаў наперад, ступаючы босымі нагамі па нагрэтаму прыску дарогі, гаварыў больш звычайнага. — Я навучу яго лажыцца, калі трэба будзе…

— Сняжок ляжа!

— Дзіва што! Ось толькі цукар, шкада, канчаецца, — з сумам загаварыў Мікола.

— А мы накапаем ля Мокрага Лога патронаў у французскіх акопах! Занясём у краму і здамо… Цукерак купім.

— Купім, — згадзіўся Мікола. — Ля Бярозы, кажуць, былі самыя баі з французамі. Там толькі капні — дык тых патронаў столькі, хоць жменяй чэрпай. Нават з порахам і доўгімі тупаносымі кулямі бываюць…

Так размаўляючы, хлопцы непрыкметна падышлі да зарослых дрэвамі могілак, за якімі цякла іх любімая Каза. Тут заўсёды змрок, цішыня. І таму яны прыціхлі, час ад часу касавурачыся ў глыбіню могілак, дзе стаяла цагляная каплічка.

І раптам Міколу як хто падкалоў.

— Чаму гэта ў каплічцы дзверы адчынены? — ціха азваўся ён і аж спыніўся.

— Там нехта ёсць! — Алесь паказаў на цёмную постаць, ледзь бачную ў прыцемку каплічкі, і сам падаўся за тоўстую хвою, што расла пры дарозе.

За ёй схаваўся і Мікола…

Міронава філасофія

Часта дзве сям'і, як адна, снедалі ці вячэралі разам за вялізарным доўгім сталом, які стаяў у пустой зале з абшарпанымі ружовымі шпалерамі. Да стала Мірон парабіў лавы з негабляваных дошак, якія ўзадраў у аборы. Гэта было яшчэ тады, калі тут балявалі начныя «госці», што абабралі ў Загацці краму.

Вячэралі разам і цяпер.

Міроніха адцадзіла бульбу і высыпала яе, бялюткую, разварыстую, у зялёную місу, паставіла пасярэдзіне стала. У гэткую ж, толькі яшчэ больш абабітую, пацямнелую місу наліла кіслага малака, нарэзала не дужа тоўстыя скібкі наздраватага прычарсцвелага хлеба — кожнаму па адной — і зірнула ў акно.

— Валацугі ўжо нашы ідуць, — кпліва сказала Мар'і, бо лічыла, што яе Алеся няйначай зводзіць Мікола. — Будзе ім акурат і абед, і вячэра…

— Ды ўжо ж… Самі вінаваты, — уздыхнула Мар'я. — Коля-то ў мяне папрасіўся.