Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 22

Николай Михайлович Водоносов

— Ка-ця, — неяк сцішана, нібы баючыся, што яе хто пачуе, пачала Гэлька, — у мяне, ведаеш, аж сэрца зайшлося, калі я глянула на гэтага старца…

— А чаго ж?..

— Не ведаю… Паходка яго — бачком, бачком неяк… І доўгія рукі…

— Ну і што?

— Дужа ж ён Зыгмуся нагадвае…

— Бач ты-ы-ы!.. І мне ж тое падалося. Цьфу, цьфу, — нібыта плюнула яна на зямлю. — Не-е, Пленка, адтуль, куды яго саслалі, не вяртаюцца.

— Такі хлюст праз іголачнае вушка пралезе, з вады сухі выйдзе, — усё глядзела, аж калацілася ўся, на дарогу Гэлька. — Казаў жа Зыгмусь, як бралі, што ён яшчэ змеліць у сваім млыне… нечыя костачкі.

Кацярына прамаўчала, бо і сама не дужа верыла ў тое, што гаварыла сястры, і яны, бы згаварыўшыся, адразу павярнулі назад, ішлі моўчкі аж да хаты.

— Трэба будзе Кузьмічу сказаць, — ужо ў двары зноў падала голас Гэлька. — Лішняя перасцярога не пашкодзіць. Ды і казаў ён мне — калі каго незнаёмага сустрэнеш, то дакладвай…

— Як знаеш, Гіленка…

— Знаю. Толькі от каб свайму ты — ні гу-гу. Нешта ён апошнім часам падоўгу дома не бывае.

— Дык жа ён да сястры ў Калінаўку ходзіць, памагае ёй з сенам…

— А я сустракала раз яго сястру. Дык, ведаеш, жалілася, што як з'ехаў Іван, дык і памагчы ёй некаму. Кажа, і носа не патыкае… От і разбярыся тутака — што да чаго.

— Няўжо яна гэткае казала? — аж сумелася Кацярына, аж спынілася ля дзвярэй.

— Гэткае… Падумай цяпер, сястрычка, дзе твой Іван швэндаецца…

— А не прыдумала ты ўсё гэта, — прыжмурыла яна на сястру вочы. — Можа, па злосці гаворыш?

— Якая ж у мяне злосць на цябе, Кацька! Адны ж мы тутака, шкадую я цябе — от што. Таму і не казала дагэтуль, маўчала. А як дазнацца, дзе ён бывае — розуму не дабяру. І гэтага, што ноччу прыходзіць, некуды пасылае ўсё. Ой, глядзі, каб праз іх і нам не трапіць у якую непрыемнасць! Глядзі, Кацька, ты павінна лепш усё ягонае разумець і бачыць…

Разведчыкі

Захапіўшыся працай, Мікола і Анюта не заўважылі, як да іх, задыханы, нейкі ўстрывожаны — аж змяніўся ў твары, — прыбег Алесь. Яго светлыя валасы крыламі аблеглі.

— Мікола, хадзі сюды! — спыніўшыся крыху воддаль, паклікаў ён таварыша. І ў голасе яго, як і ў выглядзе, адчувалася штосьці важнае і тэрміновае.

Мікола ўваткнуў сякеру ў пень, прывычна падцягнуў штаны і накіраваўся да Алеся, таксама ўжо ўстрывожаны, напяты, бо ведаў — той абы-чаго не дужа пабяжыць…

— Ну, што там здарылася? — у нецярпенні спытаў ён, падышоўшы.

— Адыдземся яшчэ крышачку, раскажу…

— А мне што — нельга паслухаць? Сакрэт? — памкнулася да хлопцаў Анюта, ды Алесь выставіў перад сабою далонь як заслону.

— Сакрэт!

Яна незадаволена насупілася, прагаварыла:

— Сябры, называецца… Ну і я вам больш нічога-нічога не раскажу…

А сама падумала: «Усё роўна Мікола адкрые мне тую тайну, нідзе не дзенецца… Адкрые як міленькі…» І гэтае апошняе слова ёй дужа спадабалася, яна села на пень непадалёк ад ужо напоўненых мяхоў і з усмешкай, якая так прыемна аздобіла яе твар, колькі разоў паўтарыла ў думках: «Міленькі…» Ад гэтых думак ёй стала так весела, так лагодна на душы, што яна аж рассмяялася, гледзячы, як перагаворваюцца, як размахваюць рукамі, падскокваюць хлопцы.