Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 20

Николай Михайлович Водоносов

Старэйшая, Кацярына, выйшла замуж рана, у няпоўныя шаснаццаць год. І аўдавела пры жывым мужу: з'ехаў той у далёкую Сібір разам з многімі мужыкамі, якіх звёў нейкі прыезджы вярбоўшчык, паабяцаўшы «доўгія рублі» і заможнае жыццё. «Сем'і забярэце па-абжывецеся», — казаў ён. Але сёй-той захапіў і сям'ю. І ніхто назад не вярнуўся, аселі там людзі, пусцілі, што называецца, карэнне.

Спярша даходзілі чуткі, што на берагах сібірскіх рэк выраслі цэлыя вёскі беларусаў. Разы са два напісаў і Кацярынін муж, што «копіць грошы», а пасля як у ваду кануў. Ужо больш як дзесяць год — ні слыху ні дыху…

Каб неяк жыць, гадаваць дачку, карміць малодшую сястру, Кацярына і «выскачыла» за ўдаўца Івана Ваўчка. Ён лічыўся добрым гаспадаром і крыху жміндай: усё, што трапляла пад руку, цягнуў у хату, усім дабром распараджаўся сам, урываючы, часам, кавалак і ад самога сябе. Калі ж надарыўся выпадак пасяліцца на хутары Красоўскага, ён рынуўся туды, не задумваючыся — абы далей ад сяла, ад людзей, якіх не любіў, да якіх ніколі не хадзіў і не запрашаў да сябе ў госці…

Паколькі Гальцы пасля смерці бабулі не было з кім заставацца, яе і забрала з сабою сястра. Удзвюх яны спраўна вялі гаспадарку, і Ваўчок быў задаволены такой увішнай работніцай, як Гэлька…

Цяпер жа, калі яна ўсё часцей і часцей бегала ў Замошша на свой лікбез, Ваўчок узбунтаваўся. Спярша ён сказаў жонцы, каб яна ўгаварыла сястру кінуць той непатрэбны занятак, а пасля, калі Гэлька ўсё ж не паслухалася, заявіў: «Няхай Гэлька і перабіраецца ў тое Замошша да свайго Тупіка, бо нам тут ад яго ўсё роўна жыцця не будзе. Ездзіць. Усё вынюхвае… Выпытвае… А чорт яго ведае, хто тую краму ў Загацці абабраў! Можа, бандыты якія завяліся, нездабраваць нам! У лесе і то жыцця няма…»

Вось так жылося Гэльцы ў сястры.

Толькі ніякія пагрозы, ніякія ўгаворы, ведала Гэлька, цяпер не прымусяць звярнуць з намечанага шляху, кінуць тое, да чаго рвецца абуджаная душа. Дзяўчына ведала, што без лікбезу цяпер ёй няма дарогі ў жыццё, новае жыццё, якое, разумела ўсім сэрцам, усёю душою збалелай, яшчэ толькі-толькі пачынаецца…

Была нядзеля. Прывучаныя з маленства да таго, што ў нядзелю працаваць грэх, не будзе ніякай карысці з тае працы, а толькі адны беды, Гэлька і Кацярына проста хадзілі па вялізным панскім садзе, які пачынаўся ад хаты і цягнуўся аж да калгасных палеткаў, засеяных жытам. У садзе не было ніякай агароджы, забыты людзьмі і богам, ён проста дзічэў. Завязі на дрэвах амаль не было: яны, нікім не дагледжаныя, напалову засохлыя, не радзілі, зараслі пырнікам, крапівою ды дзядоўнікам, кара на іх парэпалася…

Кацярына не ведала, як пачаць тую гаворку, якой, разумела, Гэлька чакае. Нездарма ж так хвалюецца, рве рамонкі, кідае іх, а твар то ўспыхне чырванню, то раптам збялее. Белая, у вялікія сінія кветкі святочная сукенка з кароткімі рукавамі на ёй, колісь цесная, цяпер вісіць як на коліку. Схуднела Гэлька. Нават круглы твар яе крыху нібы выцягнуўся. Але ад гэтага яна не стала менш прыгожай, прывабнай, а наадварот — пастрайнела, выцягнулася; нават у паходцы яе, раней спяшлівай, драбнаватай, цяпер адчуваецца больш жаночай сталасці.