Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 21

Николай Михайлович Водоносов

— От скажы, Гіленка, — мякка пачала Кацярына, калі яны выйшлі ў канец саду, дзе рэдкае жыта аж сінела ад васількоў,— што ён табе гаворыць? Што абяцае?

— Хто? — нібы не зразумела сястра.

— Твой Валодзя Тупік…

— Анічога.

Гэлька сказала гэта неяк бяздумна, раптоўна, нібы даўно падрыхтавалася да адказу.

— Як — нічога?! Ты ж ужо не маленькая, павінна разумець… Ды і ён — не маладзёнак… Я ў твае гады Анюту за руку вадзіла, ведаеш…

— І што з таго? — перапыніла яе Гэлька. — Збег твой мужанёк. Я не ўмею так… Не ўмею і не хачу. Валодзя і праўда не малады ўжэ. От ён і сказаў мне падумаць харашэнька, перш чым…

— Што? — падняла на яе насцярожаныя вочы Кацярына.

— Выйсці за яго…

— Значыць, у вас была гаворка! — з палёгкай сказала старэйшая сястра. З твару сышла напружанасць, вочы асвяціла радасць. Цяпер яны, зусім розныя па ўзросту, былі так падобны адна на адну, як блізняты, быццам і не стаяла між імі дзесяць нялёгкіх гадоў.

— Была… Але я ўсё роўна не кіну дому, няхай твой Іван не надзімаецца дужа, а то лопне, як пухір! Не яго ем, са свайго мазаля кармлюся. А з панядзелка ў калгас пайду працаваць, цяпер во самы прыпар, сенакос, а людзей малавата… — І раптам стала тварам у твар, спытала строга: — От скажы, Кацька, чаго ты за яго трымаешся? Дзяцей ягоных тут няма… Анюта ў цябе ўжо вялікая, работніца… Жылі б мы… Э-эх, як бы яшчэ жылі-пажыва-а-алі-і!..

Кацярына адвяла вочы ўбок, сказала з уздыхам:

— Не так гэта ўсё проста, Гіленка… Некалі ты ўсё зразумееш і апраўдаеш мяне. Пацярпі трохі. І не гавары больш такое, чуеш?

— Добра, не буду. Але і ты скажы яму, каб не чапіўся…

— Ды ўжо ж…

— І каб Анюту дужа не перагружаў. От учора за смалякамі аж на расцяробы паслаў. Бачыла, колькі пеньчукоў яна прыцегла? Я і то ледзь падняла…

Кацярына сама сабе ўсміхнулася, адвяла вочы ўбок, нібы саромеючыся таго, што падумала. Падумала і сказала:

— То ёй кавалеры з-за рэчкі памагалі. Мар'ін Мікола і Міронішын Алесь. І дровы, бачыла, склалі прыцемкам. Устаў Іван рана і дзівіцца — учора позна кончыў калоць, а ўсё складзена. Пахваліў Анютку…

Гэлька кпліва пахітала галавою.

— Глядзі, Каця… Ранняя яна ў цябе.

— Затое хлопцы познія, — аж рассмяялася Кацярына. — Убачылі мяне, засаромеліся, як малыя дзеці. Добрыя хлопцы, няхай дружыць з імі Анютка. У школу ж адну не пусціш, а з імі і смялей, і весялей… — Раптам яна спынілася, схапіла Гэльку за руку. — Ой, глядзі, хто гэта там ідзе!

Па палявой дарозе, што вяла з Калінаўкі на Замошша і пралягала між збожжа, ішоў сляпы жабрак з кіем і кайстрай. Тут, ля хутара, дарога збочвала аж да закінутага, з гнілым зрубам калодзежа, што стаяў ля колішняга хлява — цяпер ад яго застаўся толькі каменны падмурак ды розны друз, — і сёстры добра-ткі бачылі незвычайнага падарожніка. Не звяртаючы на іх ніякай увагі, тыркаючы кійком у дарогу, ён пратопаў адкрытую мясціну і пашыбаваў у жыта. А сёстры глядзелі ў той бок, бы зачараваныя такім незвычайным відовішчам.