Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 19

Николай Михайлович Водоносов

— Не заўсёды яе ўбачыш адразу…

Раптам ён адчуў, як Анюта схапіла яго ззаду за кашулю і тузанула на сябе.

— Глядзі-і! — шапнула ў самае вуха і паказала на ўзлессе, дзе была зімовая дарога. Там, тыркаючы ў зямлю доўгім арэхавым кіем, нібы намацваючы дарогу, насустрач ішоў — узбіўся ўжо на іхнюю сцежку — дзіўны стары з палатнянай кайстраю цераз плячо. Малы, прыгорблены, з доўгімі, як у малпы, рукамі, ён, здавалася, быў зусім сляпы, хоць вочы і глядзелі. Сляпы жабрак…

Калі ён наблізіўся, яны паціху сышлі са сцежкі ўбок. Сляпы не спыніўся, прайшоў міма, быццам і не чуў, і не бачыў іх. Яго аброслыя шчэццю барада і шчокі, густыя чорныя бровы, што сыходзіліся ля пераносся, надавалі твару сапраўды выгляд малпы, а не чалавека.

На ім была старая шарачковая світа, чорныя порткі, на нагах — лапці, даволі яшчэ новыя.

На галаве ў яго была нейкая старая сіняя шапка без брыля, з шырокімі навіслымі палямі. Было такое ўражанне, што чалавек накрыў сваю галаву анучай.

Вось ён знік за белымі стваламі бяроз, і Мікола нібы ачнуўся ад здранцвення, ад гэтага відовішча — жывога прывіда. Такіх людзей яму ніколі не даводзілася бачыць…

— Дзіва… Як гэта ён ходзіць адзін і не саб'ецца з дарогі, са сцежкі? Зусім сляпы чалавек…

Анюта ж была зусім другой думкі.

— Мне здаецца, ён не такі ўжо стары і сляпы. І наогул… мне ён не падабаецца, я баюся такіх старцоў,— сказала і аж сцепанулася ўся, быццам ёй стала холадна.

«Вядома — дзяўчынка, яна ўсяго баіцца, нават у Мокрым Лозе ёй страшна», — вырашыў у думках Мікола. Яны ўжо ступілі на мяккую тарфяную муражыну, дзе сям-там віднеліся чорныя, як ад выбухаў, рваныя яміны. Пачаліся расцяробы…

Мікола падышоў да першага пеньчука, які толькі крышачку выглядаў з купіны, парослай мохам і «зязюльчыным ільном», і ўдарыў па ім абухом. Пянёк ледзь нахіліўся, вытыркнуў чорную лапу-корань…

Страшная здагадка

Гэлька была зусім непісьменная, яна ведала — і то з нядаўняга часу — толькі некалькі літар, а чытаць, складаць іх у словы не ўмела. І вось для яе адкрылася магчымасць навучыцца грамаце. Пасля таго як Кузьміч прывёў яе ў Замошша і пасадзіў за звычайны сялянскі стол з грубых дошак, крыху папэцканых рудай фарбаю зверху, за якім ужо было каля дзесятка дзяўчат і хлапцоў, Гэлька загарэлася навукай: дужа хацелася адолець тую невялікую грамату і дагнаць пляменніцу Анюту, якая не толькі добра чытала і пісала, а ведала шмат чаго і пра іншыя, далёкія краіны. Яна, Анюта, часам чытала ёй цікавыя кніжкі пра тыя краіны, і для Гэлькі то было цэлым адкрыццем…

У школу яна ніколі не хадзіла, бо жылі яны з сястрою, як былі малыя, у далёкім глухім кутку — вёсцы Пабярэжжа. Ад таго Пабярэжжа да Замошша, дзе здавён была пачатковая школа для беднаты, добры дзесятак вёрст лясной дарогаю. Колькі ж трэба было стаптаць лапцей, каб хадзіць туды штодня хаця год! А ў сям'і, апроч іх, сясцёр, ніякага памочніка бацькам. Вось і вывучылі яны сваю няхітрую грамату мужыцкую — прасці, снаваць, ткаць, касіць, грэбці, упраўляцца ля печы ці ў хляве…

А пасля і зусім было не да навукі: бацька і маці памерлі ў адзін год, і дзяўчатак выхоўвала старая бабулька, якая, апроч сваёй прымітыўнай малітвы, нічога не магла даць унучкам, і тыя паўтаралі незразумелыя «іжа есі» штодня, кожны вечар, стаўшы наўколенцы перад пачарнелымі абразамі ў куце, завешанымі вышыванымі ручнікамі…