Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 14
Николай Михайлович Водоносов
Крыху падсілкаваўшыся, бачачы, што «госці» добра падпілі і пачалі спакваля балбатаць абы-што, кожны сваё, ён непрыкметна выслізнуў з-за стала і выбег на двор. Сэрца калацілася так, што, здавалася, яго пачуюць тыя, у хаце. Але нездарма ў Міколы такі напорысты характар: калі што надумаў, то не адступіцца!
Кошкаю скочыў ён да аднаго воза, да другога — і яму ўсё стала ясна. Гэта ж яны, відаць, абабралі нейкую краму! Скрынкі з цукрам, гарэлкаю, запалкамі, скруткі рознага матэрыялу ляжалі на вазах. Неяк, хутчэй інстынктыўна, чым свядома, Мікола ўхапіў некалькі найбольшых кавалкаў цукру і пабег у свой пакой, куды вялі асобныя дзверы, «чорныя», як іх называлі. Схаваў цукар у халоднай цяпер грубцы, згарнуўшы попел у левы кут, як гэта заўсёды рабіла маці. Там ён будзе цэлы — ні пацукі не дастануць, ні людзі не знойдуць.
А потым адумаўся: «Гэта ж я ўкраў, узяў чужое…» Ён гатоў быў ужо занесці ўсё назад, але пабаяўся: а што, калі ўбачаць тыя зладзюгі? Ад іх літасці не чакай, яны на ўсё здатны. І не было ў Міколы ні палёгкі, ні апраўдання.
Каб ніхто нічога не падумаў, ён паціху зноў вярнуўся да маці, сеў каля яе і ўжо больш ні да чаго не дакранаўся.
— Ну і штаны ў цябе, Мікола! Анучына… А кашуля? Га? Што ж гэта за кашуля? — хістаючыся, Панас выйшаў на падворак і хутка вярнуўся, трымаючы ў руцэ ладны кавалак чорнага корту. — Вось я вашым галадранцам на штаны дам. А вы нічога не бачылі і нічога не чулі. Поняў? — утаропіўся ён на Мірона.
— Поняў, поняў,— заківаў калматай галавою Мірон і шматзначна зыркнуў на жонку. Тая сядзела нібыта з абыякавым выглядам, быццам усё, што тут робіцца, яе не датычыцца, не цікавіць. А сама была насцярожаная, наструненая, лавіла кожны рух, кожнае слова «гасцей».
— А не возьмеце, то, гэна самае, ваш хутар… разам з вамі… Поняў? У лесе, можна сказаць, жывяце. Глуха тут, ад вёскі далёка, а да д'ябла ў балоце блізка. Поняў? Не былі мы тут! Не вячэралі…
Сумненняў не магло быць — гэтыя людзі, якіх дзеля нейкай мэты прывёў на хутар Крывы Панас, зладзюгі. Мікола ціхенька піхнуў нагою Алесеву нагу і вачыма паказаў на дзверы. Той зразумеў сябра, падзякаваў за вячэру, і яны вылезлі з-за стала. Зайшлі на Міронаву палавіну і залезлі на печ, нічога адзін аднаму не гаворачы. Было ясна, што і Алесь усё зразумеў. І яму цяпер, напэўна, было вунь як страшна.
— Яны ехалі ад таго хутара, ад Ваўчка, — ціха сказаў Мікола.
— Ну і што?
— А тое, што не вячэралі там, а ў нас. Значыць, хітруюць. Мусіць, з Ваўчком знюхаліся, і каб на яго не было падазрэння, тут расселіся. А былі ж там, былі…
— Можа, што схавалі ў таго Ваўчка…
— Можа… Анюта нам скажа, калі што.
Яны замоўклі, услухоўваючыся, як у зале зашоргалі лавы, як потым грукнулі дзверы на двор.
— Пайшлі,— сказаў Алесь. — Будзем спаць…
Мінула, можа, з тыдзень, як на хутар да Ваўчкоў зноў прыехаў Тупік. Мікола як убачыў белага каня, дык аж узгарэўся ўвесь нецярпеннем пабегчы туды.
Тым больш што ў яго ёсць цукар, што за гэты час маці пашыла яму новыя штаны, акуратна палатала кашулю. А Мірон пастрыг абодвух «пад баранчыка», ухітрыўшыся неяк аж ушчыкнуць сваімі старымі чорнымі нажніцамі з адламаным канцом Міколку ля вуха так, што ледзь сунялі кроў свежым попелам з печы. Ад гэткага лячэння цяпер там утварыўся чорны струп. Маці строга наказала яму, каб часова не купаўся, не чапаў рукамі той струп, пакуль не адваліцца, а то можа прыкінуцца і тады ліха не абярэшся…