Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 16
Николай Михайлович Водоносов
— Штаны мама пашыла… Са старых бацькавых…
— А цукар?
— Было трохі,— пачаў Мікола і не здолеў больш хлусіць, апусціў вочы, ліхаманкава думаючы, як лепш выкруціцца з такога няёмкага становішча: сказаць чыстую праўду ён баяўся, ведаў, што за гэта могуць пакараць тыя, у чорных балахонах, але ж і маўчаць ён не мог…
— Я вам вось што скажу… Былі ў нас на хутары нейкія людзі ноччу, вячэралі, пілі гарэлку. А якія — не ведаю, — сказаў Мікола так разважліва, быццам даўно рыхтаваўся да гэтага. — Цукар я ў іх на возе ўзяў, шмат яго там.
— А якія яны, тыя людзі? — бліжэй падступіў да яго Тупік. — Ды не бойся ж ты мяне, скажы. Я, брацішка, цябе не выдам. У мяне наконт гэтага — магіла! Сяброў не выдаю.
— Двух не ведаю, а аднаго пазнаў. Крывы Панас з нашай вёскі прывёў іх. Толькі я думаю, дзядзечка, што яны спярша заязджалі на хутар Красоўскага, бо праз брод ехалі, каля млына. І ад нас пакіравалі на балота, сляды вунь і цяпер знаць…
— Правільна гаворыш, брацішка! Усё правільна… Я па слядах сюды і прыехаў… А вось тое, што Крывы Панас наводчык — не здагадваўся.
— Вы іх зловіце?
— Так, так, гэта ўжо нітачка. І да клубочка дабяромся, брацішка! — паляпаў лагодна па плячы Міколу. — Ты ведаеш, што ў Загацці магазін абабралі?
— Не…
— Абабралі, гады. Толькі соль ды газу і пакінулі.— Міліцыянер правёў рукамі па шырокім рамяні, папраўляючы сінюю гімнасцёрку, дадаў ужо таксама цішэй: — Ты, Мікола, от што… Нікому не гавары, што прызнаўся мне пра Панаса, я за ім паназіраю, свайго чалавека прыстаўлю, а то, чаго добрага, даведаецца — вам нездабраваць тут…
— Ага! — узрадаваўшыся, што Тупік нібы прачытаў яго думкі, сказаў Мікола. — Ён так і казаў — ваш хутар разам з вамі. Мусіць, спаляць, я так разумею…
— Правільна разумееш… Толькі цяпер — дудкі! Не ўдасца ім свае злачынствы хаваць, не тыя часы!
Міколу яшчэ хацелася расказаць пра вінтоўку і патроны, але ён вырашыў, што тайна гэтая не толькі яго, але і Алесева, і таму прамаўчаў. І так нагаварыў нямала. І быў рады, што Тупік спакваля павесялеў.
— Дык я пайду…
— Ідзі… Толькі пра цукар, калі хто яшчэ спытае, балакай, што маці з раёна прынесла.
Мікола аж засмяяўся.
— А я так і думаў казаць усім, хто спытае…
Ен бег да рэчкі, рады, што зноў пабыў ля любімага каня і, як здагадваўся, дужа памог Тупіку, якога таксама любіў і паважаў за незвычайную яго работу, за смеласць. Цяпер-то ўжо не выкруціцца Крывы Панас са сваімі зладзюгамі. От толькі шкада, што Анюта не выйшла, не ўбачыла яго новых штаноў, не паспытала цукру. А ёй Мікола адкалоў з сярэдзіны ладны драбок, зусім чысты…
Не справіўся ён дабегчы да рэчкі, як Тупік абагнаў яго на сваім кані, пераехаў брод — а на Казе ёсць віры, што коні хаваюцца! — і галопам памчаўся да хутара. А Мікола наўмысна падышоў да дому з другога боку, ад хмызняку. І пачуў — хоць пад канец — такую гаворку:
— Значыць, сюды ніхто не прыязджаў на фурманках? — пытаўся Тупік у Мірона.