Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 12
Николай Михайлович Водоносов
А тут і сапраўды было прыгожа. Наўкола, як скінуць вокам, стаялі таямнічыя лясы, хмызнякі ды аблогі з раслінным покрывам. Асобнай купкай высачэзных клёнаў і ясеняў вылучаліся якраз за млынам на ўзгорку могілкі, на якіх ужо даўно ніхто нікога не хаваў: то былі могілкі каталіцкія, з каплічкай і невялікім металёвым крыжам на ёй, са скляпеннямі і мармуровымі помнікамі, з каменнымі плітамі на магілах, абсаджаных кветкамі і кустамі. Іншым разам хлопцы любілі гуляць на тых могілках у хованкі,— і ніколькі не было страшна. А за могілкамі, ведаў Мікола, быў яр, не вельмі што доўгі, але надзвычай глыбокі, быццам яго хто зрабіў, выкапаў. З аднаго боку, ад лесу, быў абрыў, і голая пясчаная зямля адсвечвала рознымі колерамі пластоў і ўзімку і летам. Там іншым разам мясцовыя жыхары выцягвалі доўгія залацістыя карані хвой, з якіх плялі прыгожыя кашы, паскяпаўшы карані надвая…
Непрыкметна воблакі ўгары пацямнелі, хмызняк ля рэчкі зліўся ў адну цёмную масу, млын здаўся неакрэсленай глыбаю, скалою. Як раней зверху лілося святло, так цяпер, здавалася, асядаў адтуль вечаровы змрок. І ў гэтым змроку Мікола згледзеў неяк асабліва высокую — аж здзівіўся! — Алесеву постаць.
— Доўга ж нешта ты збіраўся, — незлабліва папракнуў сябра Мікола.
— Па карову хадзіў. Прывыкла швэндацца — знайдзі яе. А знойдзеш — дамоў не загнаць, — адказаў той ціха.
— Цяпер усё вобмацкам трэба. Цёмна. Торбу ўзяў?
— Ага…
Яны зайшлі ў абору, як у чорную яму. Каля сцяны дабраліся да сячкарні, ціха, каб не грукаць, паднялі шырокую дошку і прыслухаліся. Нідзе ні гуку, ні голасу.
— Неяк боязна, — шапнуў Алесь, даючы гэтым зразумець, што пад падлогу ён не палезе. — Каб хаця тых шашкоў не было, а то чорт іх ведае…
— Дык стой тут, я падам.
Вядома ж, Міколу таксама было вусцішна лезці пад тую падлогу, але ён і выгляду не падаў, што баіцца: характар такі — калі трэба, то хоць у агонь, хоць у ваду. Асабліва пасля таго, як даведаўся, што Алесю падабаецца Анюта. Цяпер-то ён дакажа і сваю смеласць, і сваю волю, і сваю сілу…
Вось ён падаў вінтоўку. Потым набраў поўную торбу патронаў, ледзьве дацягнуў да дзіркі. Удвух паднялі торбу наверх, паклалі маснічыну на месца.
— Там яшчэ трохі патронаў засталося — дык я іх пад падвалінай закапаў, а скрынку ў другі бок адкінуў, далей, — сказаў Мікола, беручы сабе вінтоўку.
— Паржавеюць.
— Не. Зямля зусім сухая, як прысак… Бяры торбу. Толькі яны хацелі выйсці з аборы, як пачулі рып калёс. Ён даносіўся ад рэчкі, ад таго месца, дзе быў брод.
— Нехта едзе, — шапнуў Алесь.
— Чую…
І ў гэтую хвіліну да іх данёсся прыглушаны хрыплы голас, у паветры тонка свіснула пуга:
— Нэ-э, каб цябе! — і натужна: — Падсабіце, хлопцы, а то гэтая здыхата не выцягне.
Выйсці з аборы не адважыліся, стаялі і пільна ўслухоўваліся, імкнучыся зразумець, пазнаць — хто ж гэта так позна сюды едзе. Ды яшчэ праз раку…
Мікола высунуў галаву і агледзеўся.
— Там дзве падводы! — паказаў ён у бок ракі.— Паглядзі…
Алесь углядаўся ў цемнату і нічога не бачыў.
— Адкуль ты ўзяў, што дзве, калі я і адной не бачу.
— Я гэта чую, — адказаў Мікола.