Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 11
Николай Михайлович Водоносов
Яе густыя каштанавыя валасы выбіліся з-пад хусткі, яна паправіла іх, пакінуўшы на скроні шматок пены. Мікола хацеў выцерці тую пену, а яна не выціраецца. Зразумеў — то ж сівізна, заўчасная сівізна…
— І праўда… Гавару абы-што, — пагадзіўся ён.
— От хіба на тым тыдні схаджу ў сабес. Можа, што дадуць, даўно ж не хадзіла…
Мікола зноў пайшоў да крыніцы, бо вады трэба было многа. Прысеў там на шырокую калодку, куды ставілі вядро, загледзеўся на крыніцу, задумаўся. Спярша думка скіравала да старэнькай шафы, дзе вісеў школьны гарнітур — от бы яго адзець ды схадзіць за рэчку! Але — не! Школа больш важная цяпер для яго: ён то ведаў цану таго, што кожны год набываў там! Без гарнітура ў школу не пойдзеш… Потым падумалася пра крынічку. Ён ніяк не мог уцяміць, адкуль яна тут узялася, такая глыбокая, чыстая — на дне віруюць-кіпяць у даволі шырокай бочцы фантанчыкі з варухлівым пяском, а зверху тоненькім, ледзь прыкметным між густой зялёнай травы раўчуком — крынічка збягае ў алешнік, да Казы. Вада халодная, проста ледзяная. Дзіва што і ў рэчцы, куды цячэ, відаць, нямала такіх крынічак, нават у самую спёку доўга не пакупаешся, бо вада як апякае цела.
Так, за працай, за рознымі думкамі-марамі і прабег яшчэ адзін дзень, і надышоў ціхі вечар. Вялікае чырвонае сонца хавалася за верхавіны бяроз, якія здаля здаваліся нібыта пазалочанымі. Туды восенню яны з Алесем ходзяць па грыбы. Там, у рэдкім хвойніку — бярозы, відаць, раслі здаўна, а хвойнік падняўся пазней, — у засені, пад старымі бярозамі, было багата бабак, падасінавікаў, а больш — баравікоў па верасах, крамяных, чыстых, вялікіх. На прагалах — прысадзістых, тоўстых, з бурымі, бы абсыпанымі мукою капялюшыкамі…
Усё гэта раптам прыгадалася Міколу так яскрава, быццам ён збіраў тыя баравікі сёння.
Пара было ісці перахоўваць сваю знаходку, і Мікола, як дамаўляліся, паволі пакіраваў да аборы. Халаднаваты ўжо мурог мякка слаўся пад ногі, ісці было прыемна, і Міколу падумалася, што ноч будзе золкая і цёмная, што ідзе ён на вельмі адказнае заданне, ад якога можа залежаць многае.
Дзесьці каля рэчкі натужна пракрычаў драч. Глухім «ку-у-гу-у» яму адазвалася сава, пэўна, з млына. Іх там, ведаў Мікола, нямала хаваецца на дзень. Вось хутка сцямнее, і яны вылецяць на паляванне. Трымайцеся тады, палёўкі: зоркае вока савы бачыць ноччу, як днем!
Асветленая ў канцы скупымі промнямі, абора здавалася нібыта пафарбаваная ў жоўты колер.
І раптам Міколу здалося, што з аборы даносяцца нейкія незразумелыя гукі, быццам хто там ціха пасвіствае. Падышоў і ўбачыў, як ад аборы да рэчкі па густой траве пабеглі два стракатыя звяркі. «Ласкі», — здагадаўся ён, бо ўжо аднойчы іх бачыў, як яны ганяліся за матылямі.
Сёння вечар чамусьці не спяшаўся надысці. Белыя перыстыя воблакі, здавалася, цадзілі на зямлю сваё мяккае, цёплае святло, прасвечвалі хмызняк ля рэчкі, і ад гэтага святла нейкім казачным замкам здаваўся над рэчкай маўклівы млын.
«Нешта ж Алесь доўга не ідзе», — падумаў Мікола, прысаджваючыся на цёплы яшчэ валун каля аборы і ў каторы раз любуючыся прыгажосцю наваколля.