Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 99

Алексей Николаевич Якимович

Чаму ж мне так не шанцуе? З учарашняга дня пачалося. Здавалася, знайшлі спосаб, як абараніцца, і на табе! Усё з ног на галаву перавярнулася. Прыспічыла ж цётцы Ганне цяпер ехаць да сваякоў. Няхай раней паехала б, хоць на паўгадзіны раней. Па-іншаму склалася б. Не хаваліся б у кустах. Хто б мог падумаць, што прынясе яе ліха? Чаму так? Чаму?

— Ігнат, чаго нос павесіў? — падаў голас Пятрусь.

— Па-твойму, танцаваць трэба? — агрызнуўся я.

А Пятрусь, не зважаючы, распавёў:

— «Што хутчэй за ўсё на свеце?» — пытаецца настаўніца. «Ваша самапіска, Ніна Рыгораўна», — кажа вучань. «Чаму?» — здзівілася настаўніца. Вучань ёй у адказ: «Вельмі ж хутка двойкі яна выводзіць».

Я зірнуў на Петруся.

— Гэта што?

— Смяшынка. Паслухай яшчэ адну. Бацька звяртаецца да сына: «Ты чаму цалюткі дзень сабак ганяеш?» — «Ды не ганяю я іх. Яны за мною бегаюць», — абурыўся сын.

Я ўсміхнуўся. Цікавая смяшынка. Можна сказаць, узятая з самога жыцця.

А Пятрусь хлопец што трэба. Нездарма расказвае смяшынкі. Разумее, што ў мяне на душы. Што я сёння рабіў бы, калі б не ён? Нудзіўся б у адзіноце? Ад страху тросся б?

— Яшчэ паслухай, — падміргнуў мне Пятрусь. — «Чаму ты гісторыю не вучыш?» — пытаецца настаўнік. Вучань у адказ: «Дык яна ж старажытная, а я вырашыў па-новаму жыць».

— Ха-ха-ха… — не стрымаўся я. — Такому за дасціпнасць можна пяцёрку паставіць. Умее выкруціцца.

У Петруся, што называецца, язык развязаўся. Ён кіўнуў галавою і сказаў:

— «Дзіма, які зімовы дзень табе найбольш даспадобы: сонечны ці марозны?» — пытаецца настаўнік. Дзіма, не задумваючыся, адказаў: «Марозны». Настаўнік колькі хвілін глядзіць на яго, а пасля зноў пытаецца: «Чаму менавіта марозны? Растлумач». Дзіма ўсміхнуўся: «Бацька тады кажа: «Сядзі дома, бо ў дарозе вушы адмарозіш».

Я пырснуў смехам:

— Гэта па-нашаму.

У мяне як гара з плеч звалілася. Горкасць, крыўда засталіся дзесьці ззаду. Нават здалося, што кнігаўкі крычаць не самотна, а насуперак усяму, з выклікам. Вось што можа звычайная маленькая смяшынка. А мо не смяшынка? Мо сябар так можа?

— Яшчэ раскажы, — папрасіў я Петруся. Пятрусь прыставіў палец да вуснаў.

— Тс-с… Нешта трэснула.

Я азірнуўся. Над кустамі матылёк кружыцца. Чаму ён так трапечацца? Чаго дамагаецца? Радуецца сонцу, жыццю?

— Ты хіба не чуў? — перапыніў мае думкі Пятрусь.

Я паціснуў плячыма.

— Не. Магчыма, проста так трэснула.

— Проста так нічога не бывае.

— Пятрусь, табе здалося. Аднаго разу вось што было са мною. Сяджу вечарам у хаце. Адзін, як цвік. Бацька і маці да суседзяў пайшлі. Сяджу, а на кухні: «Трэсь, трэсь». Быццам хто палатно рве. Прыслухаўся я. Зноў чую: «Трэсь, трэсь». Не па сабе стала, прабеглі дрыжыкі па спіне. Але ўсё-ткі "пайшоў на кухню, уключыў святло. Анікога на кухні. Здалося мне, што там трашчыць.

— Трэба ўцякаць. Заяц бярэ нагамі,— сказаў Пятрусь.

Чаму я тады не паслухаўся яго? Чаму не ўскочыў, не прыпусціўся? Чаму не азірнуўся яшчэ раз? Быццам зацьменне на мяне найшло.

— Вельмі ж баязлівы ты стаў,— кажу. — Лепей раскажы смяшынку.