Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 154
Алексей Николаевич Якимович
— Але ж тут казка. Пятрусь уздыхнуў.
— Назад не вернешся.
Мы з аглядкай падаліся наперад. Я ўзіраўся пільна-пільна, да болю ў вачах.
Мінулі адну паваротку, другую, трэцюю і ўбачылі раку, праз якую было перакінута бервяно. Рака пенілася, грымела, імкліва неслася па каменнях.
— Падземная рака, — прамовіў Пятрусь.
— Па-твойму, яна пад зямлю цячэ? — запытаў я.
— Канешне, пад зямлю. Каля скалы балота. Калі б выходзіла наверх, то ўбачылі б.
Пятрусь ступіў на бервяно і пайшоў, махаючы рукамі. Дайшоў да канца, стаў, а пасля скокнуў на бераг.
— Ігнат, ідзі і ты.
Я, стараючыся не глядзець уніз, ступіў на бервяно і, шырока расставіўшы рукі, пайшоў.
Вада ўнізе гудзе, шалее. Што ж будзе, калі звалюся? Разаб'юся? Магчыма. А калі не?.. Пад зямлю занясе? Але, занясе. Рака ж падземная.
— Ігнат, смялей. — Пятрусь працягнуў руку. — Трымайся.
Я ступіў крок, другі, трэці… Падаўся ўперад, ухапіўся за Петрусёву руку і — на бераг. Толькі тут перавёў дух.
— Не думаў, што станем эквілібрыстамі,— прамовіў Пятрусь.
— Хутка навучымся на галаве хадзіць, — пажартаваў я.
Мы пайшлі далей. Наперадзе пасвятлела, бліснулі праменьчыкі сонца.
— Ура! Выхад! — я, не стрымаўшыся, пабег. Так, гэта быў выхад з пячоры. А за скалою, метрах у дваццаці, шырокае поле, на якім расла груша-дзічка. На грушы, на самай вершаліне, віселі гуслі.
— Вось дзе гуслі! — усклікнуў Пятрусь, падбегшы да мяне.
Я глядзеў на іх, не зводзячы вачэй. Гуслі… Чарадзейныя гуслі… Пакуль ветрык прабягае па вашых струнах. А хутка… Хутка рука прабяжыць. Мы знімем вас. Зайграеце, заспяваеце…
Я глядзеў і не заўважаў, што па шчоках цякуць слёзы.