Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 101
Алексей Николаевич Якимович
— Ігнат…
І Пятрусь тут. Таксама на крэсле сядзіць, апусціў галаву.
— Адпусціце, — звярнуўся я да Ландыша. — Крычаць буду.
— Крычы, пакуль пуп не лопне. Усё роўна ніхто не пачуе. У скляпенні вы. Як замураваныя. Дайшло?
— Не крычы. Я спрабаваў,— сказаў Пятрусь. Ландыш аблізаўся, як кот.
— Ён крычаў, а я рагатаў. Нарагатаўся, як на кінакамедыі. Пацеш і ты. Мне даспадобы.
Пацешыць… Не дачакаешся. Трэба маўчаць сцяўшы зубы. Выходзіць, мы сядзім у скляпенні.
Нейкае дзіўнае скляпенне. Усё белае: і падлога, і столь, і сцены. Некалькі мяккіх крэслаў, воддаль, у куце, дзве вялізныя закаркаваныя бутлі. Стаяць на нейкіх прыстасаваннях, падобных на керагазы. У такую бутлю нават я залез бы. А на сценах чорныя гадзіннікі. Адзін каля аднаго. Колькі ж іх?
Я пачаў лічыць. Далічыў да пятнаццаці і збіўся.
— Прыехалі,— падаў голас Пятрусь.
— Бясплатна, — са здзекам прагаварыў Ландыш.
— Я такога, як вы, бясплатна на Месяц завёз бы, — кажу. — І Мірона Казіміравіча заадно.
Ландыш памахаў галавою.
— Чаму вас у школе вучаць? Старэйшых трэба паважаць.
Цікава: які ж ён на людзях? Напэўна, таксама павучае, усміхаецца. Напэўна, у аўтобусе старэйшым месца дае, знаёмых штогод з днём нараджэння віншуе.
— І не сорамна вам? — пачаў я.
— Сорамна таму, у каго кішэні пустыя.
— Чаму вы Мірону Казіміравічу дапамагаеце? Ён жа бандыт, — не сцярпеў Пятрусь.
Ландыш узняў угору выцягнуты палец.
— Ён вучоны. Самародак, можна сказаць. А бандыты пад мостам ці на вялікай дарозе.
— І вы самародак? Таксама вучоны?
— Я просты чалавек, але самародак. Я ўмею жыць. Хочаце паслухаць маю геаграфію? Раскажу як на духу.
— Якую геаграфію? — здзівіўся я.
— Геаграфіяй я называю сваю біяграфію. Калісьці, як і вы, у вёсцы я нарадзіўся. Слухаў, як пеўнікі кукарэкаюць, свежае малачко піў, каб сілы набрацца, у школку хадзіў. Галоўку вельмі не стамляў.
Кажа, што ў вёсцы нарадзіўся… Як я, як Пятрусь, як мой бацька, як дзядуля… Цяпер нас пільнуе, здзекуецца. Няўжо некалі басанож па траве бегаў? Няўжо маці «мамкай» называў?
— Не стамляў галоўку ў школцы. Праўда, разам з усімі пісаў: і Айчына, і родный край. Нават вершыкі пра родную мову вывучыў. А пасля пайшоў-паехаў па Айчыне, па родным краі. Быў на возе, пад возам, папярок, уздоўж. Папанасіла мяне. Памазоліў рукі. Аднаго разу падумаў: «Дудкі!» Пачаў прыглядвацца, каля начальства ацірацца. Знайшоўся добранькі начальнічак — я да яго клубочкам. Ён п'е, есць, а я каля ягонага стала. Бегаў на дыбачках, казаў у руку. Але неўзабаве начальнічак на пенсію пайшоў. Дык я да другога. Іван Фаміч… Іван Фаміч…
«Не выйдзем мы адгэтуль. Таму Ландыш і язык распусціў. Ведае, што нікому не раскажам», — працяла здагадка.
Я заплюшчыў вочы. Што ж рабіць? Як выратавацца? Вось каб у вёску! Дзень цяпер ці ноч? Як у нас каля возера? Ці кружыцца матылёк?
Раптам нешта бумкнула, як у пустую бочку: «Бум-бум-бум…» Я здрыгануўся, расплюшчыў вочы.
«Бум… Бум… Бум…» Аднатонна, мерна бумкае. Нібы кувалдай па галаве. Раз за разам.