Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 97

Алексей Николаевич Якимович

Я адшпіліў кабуру, выняў ключы, а Пятрусь туды вужа галавою. Хуценька зашпіліў кабуру, нагнуўся, прытуліў вуха, прыслухоўваючыся.

— Што робіць вуж? — не вытрываў я. Пятрусь расплыўся ва ўсмешцы.

— Са сваёй кватэрай знаёміцца. Хадзем у хату. Халоднай вады нап'юся. У роце перасохла.

Ой, людцы-ы!

Мы з Петрусём сядзелі ў хаце і вялі між сабою гаворку. Яе Пятрусь распачаў.

— Ігнат, чаму людзі бываюць розныя? — запытаў.

Я задумаўся. Сапраўды, людзі не толькі знешне адрозніваюцца. Што ні чалавек, то характар. Адзін спакойны, памяркоўны, а другі — што порах. Скажы слова не ў радок — успыхне, загарыцца.

— Людзі не робаты, — кажу. — Што было б, калі б былі падобныя адзін на аднаго?

Пятрусь паціху сказаў:

— Нічога не было б.

Што ж, мае ён рацыю. Чаму ў нас гэтулькі песень, казак? Чаму і вёскі, і гарады пабудавалі? Чаму розныя машыны прыдумалі? Бо людзі розныя. Адзін песні складае, другі зямлю арэ, трэці думае над тым, як у космас паляцець.

— Нічога не было б, — паўтарыў Пятрусь і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — Ды я не пра гэта.

— А пра што?

— Чаму адзін добры, а другі злы? Чаму адзін табе спрыяе, а другі на ражне рад цябе бачыць?

— Ад душы залежыць, — сказаў я. — Калі душа добрая, то і сам чалавек добры.

— Але ж людзі не нарадзіліся злымі. Бачыў, як немаўляты ўсміхаюцца, як маленькімі ручкамі цягнуцца, каб абхапіць? У іх няма зла.

Цяжкае пытанне задаў Пятрусь. Што ж выходзіць? Чалавек падрастае і нейкім зусім іншым становіцца? Вось гэтыя… Мірон Казіміравіч і Ландыш. Яны таксама калісьці смяяліся, цягнуліся рукамі, каб абняць. А цяпер цягнуцца, каб схапіць. Каб прымелі, то ў лыжцы вады ўтапілі б. Чаму ж так перайначыліся?

— Дык чаму ж адзін добры, а другі злы? — паўтарыў Пятрусь.

— Не ведаю, — прызнаўся я.

— Ніхто не ведае, — упэўнена сказаў Пятрусь. — Калі б ведалі, то такога, як цяпер, не было б.

На двары пачулася гамонка. Я выглянуў у акно. Каля хаты стаялі маці і наша суседка цётка Ганна.

— Хто там? — пацікавіўся Пятрусь.

— Цётка Ганна, — сказаў я. — Захацелася ёй лясы патачыць. Не ўсядзела ў хаце.

У кожнай Палашкі свае замашкі. Любіць цётка Ганна язык пачасаць. Пра такіх, як яна, кажуць: не дай паесці, а дай пагаварыць. Вось і цяпер распачала:

— А ведаеш, мая суседачка, пра што ў газетах пішуць?

— Пра што? — азвалася маці.

— Пішуць, што каля аднаго горада, які ў Расіі, спусціліся іншапланецяне на апаратах, падобных на бочкі. З адной бочкі вылезла пяць іншапланецян, і ўсе двухгаловыя. З другой бочкі таксама пяць. Толькі ўжо трохгаловыя. Селі яны на траву і давай гуляць у карты. Двухгаловыя супраць трохгаловых.

Я, магчыма, паверыў бы ёй, калі б сам у газеце не прачытаў, што ў Валагодскай вобласці дзеці заўважылі жаўтаватую іскрынку, якая з'явілася ў небе. Іскрынка з кожнай секундай павялічвалася і хутка стала падобнай на вялізны шар, які свяціўся. Гэты шар, апусціўшыся на луг, як бы раздзяліўся, і з яго выйшлі нейкія безгаловыя істоты, падобныя на людзей. У іх рукі апускаліся ніжэй каленаў. Пасля на луг апусціліся яшчэ тры такія шары. І што самае цікавае? І гэтыя шары, і гэтыя людзі неўзабаве як бы растварыліся ў паветры.