Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 100

Алексей Николаевич Якимович

Пятрусь уздыхнуў.

— «Што табе найбольш спадабалася ў школе?» — пытаецца маці ў першакласніка.

Я так і не даведаўся, што адказаў першакласнік, бо ў кустах затрашчала, а пасля нада мною вырас нейкі вялізны цень. Я хацеў закрычаць, ды мой рот затулілі далонню, пасля засунулі ў яго анучу. Аж у сківіцах забалела. Я рвануўся, імкнучыся вызваліцца, і ўбачыў барадаты твар алхіміка.

— Хлопчык, не трапячыся, — супакойваў ён, звязваючы мне рукі.

Прагучала хоць ціха, але з пагрозай. Я сцяўся, угнуў галаву.

— Вось так. Добра. Добранька, — прамовіў Мірон Казіміравіч, заціскаючы вузел.

Я глянуў убок. Каля куста, на траве, курчыцца Пятрусь. А Ландыш, нагнуўшыся, звязвае рукі. Пятрусь мог бы цяпер дома сядзець, кніжку пра гэткіх жа бандытаў чытаў бы. Пабег за мною…

— Хлопчык, не пары гарачкі. Не ўздумай уцякаць, — папярэдзіў мяне Мірон Казіміравіч.

Як уцячэш са звязанымі рукамі? Дый за плячо трымае. Пальцы, што сталёвыя абцугі.

— Лоўка мы падкраліся, — сказаў Мірон Казіміравіч. — Смяшынкамі сябе цешылі.

— Хоць на жыватах паўзлі, але злавілі,— прахрыпеў Ландыш.

Я ўявіў, як Мірон Казіміравіч і Ландыш, выгінаючыся гадзюкамі, паўзуць у густой траве. Дыханне затаілі, вочы блішчаць… Мяне аж скаланула.

— Не дрыжы. Супакойся, — прамовіў Мірон Казіміравіч.

Здаецца, без злосці. Нават ласкава. Але ў маёй душы ўсё перавярнулася. Калі б цяпер развязаў рукі, адпусціў, то я бег бы на злом галавы.

— Дрыжыць ён? — хіхікнуў Ландыш. — Душа ў пятках сядзіць. Бедненькі…

Мірон Казіміравіч стукнуў сабе кулаком у грудзі.

— Я хацеў злавіць. Я злавіў. Я свайго дамогся. Я не адступлюся.

Ландыш падаўся наперад.

— Мірон Казіміравіч, у цябе ўсё чын-чынам. Ты крочыш упэўнена. Я ніколі так не змог бы. Даўно павярнуў бы аглоблі.

Вочкі бегаюць, працінаюць. Нібы распранае, каб дабрацца да душы.

Я адвёў вочы ўбок. Над лазняком лятае, кружыцца матылёк. То ўгору, то ўніз. Крылцамі махае, стараецца. Ці думае ён што-небудзь?

— Ландыш, ты мяне ведаеш. Я не баюся, калі нават агнём апячэ.

— Хацелі аднаго, а злавілі двух. Хі-хі-хі…— захіхікаў Ландыш.

Мірон Казіміравіч сціснуў маё плячо.

— Уставай. У машыну пойдзеш. Павязём.

— Уставайце. Ножкамі туп-туп. На машынцы праедзецеся. Смяшыначку раскажаце, — падхапіў Ландыш.

У машыну… Самому… Нізашто! Не дачакаецеся. Адзін канец.

Я рвануўся, пакаціўся па траве. Мірон Казіміравіч прыўзняў мяне. Я рваўся, вырываўся. Так, здараецца, конь імкнецца з аглобляў вырвацца. Скача, выгінаецца, кідаецца ўбок… І слёзы на вачах…

— Няхай ён нашых лекаў панюхае, — данёсся Ландышаў голас.

Нечым вострым, падобным на пах воцату, патыхнула мне ў нос. Галава налілася цяжарам. Перад вачыма пабегла, паплыло. На момант здалося: матылёк махнуў крылцамі і знік. Чаму?..

З Ландышам

Я расплюшчыў вочы. Перад вачыма агеньчыкі мігцяць, расплываюцца. Успомнілася, як накінуўся на мяне Мірон Казіміравіч, як валтузіўся з ім. Я страпянуўся, нібы птушка, якая імкнецца вырвацца на волю.

— Спакойна! Сядзі і не рыпайся.

Я ўзняў галаву. Ландыш перада мною. Усміхаецца, разваліўшыся на крэсле. І я на крэсле сяджу. Рукі звязаныя. Анучы ў роце няма. Дзіўна. А дзе ж Пятрусь? Можа, уцёк? Вось каб уцёк! Пра ўсё-ўсё расказаў бы…