Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 96

Алексей Николаевич Якимович

— Ігнат, вунь вуж, — стаў Пятрусь. Сапраўды, непадалёку, на пні, скруціўшыся, ляжаў, грэўся на сонцы вуж. На ягонай галаве, як і ва ўсіх вужоў, выразна вымалёўвалася карона — дзве жоўтыя плямы.

Пятрусь падышоў бліжэй, прамовіў:

— Вось дзе наша зброя! Я вылупіў вочы.

— Чаму зброя?

Пятрусь хітра прыжмурыўся.

— Зараз злаўлю вужа, загарну ў кашулю…

— Ну і што? — паціснуў я плячыма.

— Калі сустрэнем Мірона Казіміравіча і Ландыша, то… — Пятрусь зарагатаў: — Ха-ха-ха…

— Што зробіш, калі сустрэнем?

— Кінем на іх вужа. Думаеш, не спалохаюцца? Добра прыдумаў Пятрусь. Пэўна ж спалохаюцца! Нават самы найпершы смяльчак залекаціць, калі ўбачыць, што на галаву ляціць гэткі жывы клубок. Гэта ж сапраўдная зброя — вуж! Яшчэ лепшая, чым дубальтоўка. Варыць у Петруся галава. Толькі глянуў на вужа і адразу скеміў, што рабіць.

Я як на свет нарадзіўся. Мне вельмі хацелася сустрэцца з Міронам Казіміравічам і Ландышам. «Хто з іх мацней заверашчыць, калі Пятрусь кіне вужа?» — падумалася.

— Будзе ім казка, — усклікнуў я. Пятрусь пстрыкнуў пальцамі.

— Наробяць смуроду. Ха-ха-ха…

— Скідай кашулю, — прагаварыў я. Пятрусь скінуў кашулю, ступіў наперад. Вуж сыкнуў, тыцнуў галавою.

— Палохае, — заўважыў я. Пятрусь прысеў.

— Вужык, не нервуйся.

Вуж зноў сыкнуў, тыцнуў галавою.

— Чаго ты так? Супакойся. Саслужы нам службу, — стаў прасіць яго Пятрусь.

Вуж, як відаць, не хацеў саслужыць нам службу. Ён бесперапынна сыкаў па-змяінаму, выгінаўся, тыцкаў галавою.

— Хопіць танцаваць. — Пятрусь схапіў вужа каля самай галавы, кінуў у кашулю, загарнуў.

— Вось каб яшчэ аднаго злавіць! — усклікнуў я.

— Хопіць і аднаго. — Пятрусь завязаў кашулю і панёс вужа, як кілбасу.

Я чакаў, спадзяваўся, што выскачаць Мірон Казіміравіч і Ландыш. Знарок наступаў на сухія галінкі, каб трашчалі. Ды ні адзін з іх і носа не высунуў.

Калі мы падышлі да маёй хаты, Пятрусь запытаў:

— Ігнат, што з вужом рабіць? Я хуценька адказаў:

— Няхай у мяне пажыве.

— Калі на падворак выпусцім, то ў лес уцячэ, — сказаў Пятрусь.

Так, уцячэ, папаўзе. Зноў у рукі не дасца. Навучаны.

Я, не падумаўшы, ляпнуў:

— Давай прывяжам. Пятрусь у рогат:

— Прывяжам, як сабаку? У яго ж шыі няма.

Але, няма. Як ні прывязвай, усё роўна выкруціцца. У хату пусціць? Ноччу яшчэ на ложак запаўзе. Маці так перапалохаецца, што на бяссонніцу захварэе.

— Пятрусь, можа, выпусцім? Пасля яшчэ аднаго зловім.

— Не, — сказаў Пятрусь. — Вужы — не грыбы. Іншы раз па лесе цэлы тыдзень цягаешся і ніводнага не ўбачыш. А Мірон Казіміравіч і Ландыш не будуць спаць у шапку. Заўтра падпільнуюць нас на дарозе.

Я ў роспачы махнуў рукою.

— Куды ж яго? Такая зброя прападзе! Пятрусь падышоў да веласіпеда, які стаяў каля плота, стукнуў рукою па кабуры.

— У кабуру пасадзім. Тут яму будзе, як у гарадской кватэры з усімі выгодамі.

— У кабуры ключы ад веласіпеда.

— Ключы вымем. Вужу месцейка хопіць. Ён клубочкам любіць ляжаць.

— А калі бацька ў кабуру палезе? Калі яму захочацца ключы ўзяць?

— Нікуды ён сёння не паедзе. Хутка звечарэе. А проста так не любіць катацца. Гэта ж не ты. Адшпільвай.