Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 9
Алексей Николаевич Якимович
Вусаты рэзка рвануў рукаў кашулі. Затрашчала палатно. У плячо, здалося, загналі іголку. Перад вачыма замігцела…
— Братка-а… Яначка-а… — загаласіў Мацей. Вусаты адарваным палатном моцна пераціснуў плячо, страсянуў, вызверыўшыся:
— Стой, шчанюк!..
Брыдка вылаяўся і пасунуўся да сваіх. Янка заўважыў, што крыжакі дастаюць мячы. «Да бою рыхтуюцца, няйначай», — мільганула ў галаве.
— Яначка, табе не баліць? — запытаў Мацей. Янка не прызнаўся, што смыліць, пячэ рана.
— Не.
— Я думаў, што ён цябе заколе.
— Мацей, чаму яны мячы вымаюць?
— Нашы праз Шчару пераправіліся. Хочуць абкружыць крыжакоў. Бачыш?
Высокі ядлоўцавы куст затуляў рэчку, луг. Янка ступіў убок. Вочы ўпершыню за гэты час засвяціліся.
Па лузе на нізкарослых касматых конях (хутканогія, яны і праз балота вынесуць, не праваляцца) гарцавалі мужчыны-воі. Уперадзе на сваім Белалобым, канешне, Ясь. То вырываецца ўперад, то нясецца назад, штосьці галёкае.
Янка, забыўшыся пра ўсё на свеце, упіваўся вачыма. Вось Ясь зноў вырваўся ўперад. У руках — меч, за поясам — клявец, ці, інакш, баявы малаток. Яго завостраным канцом воі ў конных сутычках разбіваюць панцыр крыжакоў (нядаўна паказваў Ясь свой клявец, хваліўся). Твар закрывае барміца — сетка з кольцаў. Не на гулянку Ясь сабраўся. А хто ж далей, за ім? Ці не бацька? Але, ён. Ягоны ратны камзол з жоўтай шкуры, на якім нашыты рагавыя пласціны, мільгае сярод коннікаў. У бацькі ў руках дзіда, каля сядла лук, смалісты, абпалены на агні. А каля бацькі, здаецца, Алекса. Так, сябар Алекса. У белай сарочцы, з кісцянём, ці, інакш, паліцай. Два вялізныя металічныя шары з вострымі шыпамі-калючкамі вісяць на ланцужку, прымацаваным да атронка. Невядома, ці вытрымае крыжацкі шлем, калі такія шары з сілай апусцяцца на яго. Крыху збоку Алесін бацька. Як і Алекса, ён у белай кашулі. У ягоных руках сякера з доўгім чаранком, шчыт. І яшчэ воі. З дзідамі, з лукамі, з кісцянямі, з цапамі. Не, не з тымі цапамі, якімі малоцяць збожжа, а з баявымі.
Цэп баявы… Яго доўгае дрэўка злучана металічнымі кольцамі, а байка акаваная жалезам. Будзе крыжакам, будзе. Вунь і баявыя косы блішчаць. Страшная зброя. Яе можна хутка зрабіць. Звычайную гаспадарчую касу насаджваюць на доўгае дрэўка. Калаціся, крыжак. З'язджаюцца воі.
Воі-мужчыны адзін за адным выскаквалі з-за кустоў. Сабраліся ў гурт, панесліся. Ясь уперадзе. А на стромым беразе, каля вёскі, жанкі-кабеты, маладухі, дзяўчаты, дзеці. Там, мажліва, і яго, Янкава, маці, і Алесіна, і Паўлінка, якую, як Алеся казала, кахае Ясь. Пэўна, пазірае, шукае вачыма, дзе ён.
Птушкамі ляцяць над лугам нізкарослыя коні. Насустрач ім сталі выязджаць крыжакі. Коні з жалезнымі налобнікамі, нібы жалезныя пачвары.
Штосьці прагергетаў рыцар з паўлінавым пяром на грэбені шлема. Да Янкі і Мацея падскочыў крыжак са шрамам, наставіў дзіду.
— Каб не варушыліся. Падчаплю дзідай. «Мы заложнікі», — дайшло да Янкі. У ягонай душы зацеплілася надзея. Не раз і не два ад мужчын-вояў чуў, што крыжакі, каб сваю шкуру выратаваць, бяруць у палон заложнікаў. Выходзіць, і гэтыя не вераць, што перамогуць.