Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 7
Алексей Николаевич Якимович
Ступіў убок, каб ад Мацея затуліць, каб не бачыў, і адчуў, як часта-часта дрыжаць ягоныя плечукі. Карцела абняць брата, прытуліць да сябе. Але ж рукі звязаныя.
— Мацей, баішся?
— Крывавай Рукі…
— Ты хочаш стаць воем?
— Хачу, — сказаў Мацей.
А плечукі дрыжаць, калоцяцца, нібы хто знарок яго трасе.
— Мацей, ты… Ты… — Янка ніяк не мог знайсці таго слова, якое б абнадзеіла.
— Братка, Крывавая Рука…
— Мацей, гэтую Крывавую Руку наш бацька ў балота ўтопча.
Мацей перастаў калаціцца. Янку нават здалося, што ўсміхнуўся. А можа, са страху так выйшла ў яго?
— Хлопчыкі, дзе брод? — лісліва прамовіў рыцар з паўлінавым пяром.
Янка сцяўся, зірнуў на яго спадылба. Рыцар з паўлінавым пяром пакруціў галавою, закутаю ў браню.
— Дайце ім хлеба. Яны разумныя хлопчыкі. Нібы з-пад зямлі вырас крыжак з рассечынай на шчацэ. Ён трымаў бохан хлеба, загорнуты ў белы ручнік. На ручніку — чырвоныя кропелькі, быццам хто каліну раздушыў.
«Гэта ж кроў», — жахнуўся Янка.
Заплюшчыў вочы — і ўявілася. Скачуць коні, закутыя ў браню. Скачуць, узмыленыя, уздымаюць капытамі пыл, ледзь не па самай зямлі сцелюцца белыя балахоны-крылы з чорнымі крыжамі. Лютая зграя коле, сячэ двуручнымі мячамі. На белых суконных балахонах-крылах чорныя крыжы, і ручніца мяча падобна на крыж. Вые зграя… Рве, цягне, заграбае. Ляціць Крывавая Рука. Падаюць у хатах дзверы, сарваныя з крукоў. Енкі, крык. Цягнуць нечысці боханы хлеба. На белых ручніках — чырвоныя кропелькі. Чыю каліну падсеклі?
— Бярыце, — прасвідраваў бельмамі вусаты. Янка пакруціў галавою.
— Не.
— Бярыце, — пралапатаў рыцар з паўлінавым пяром на грэбені шлема. А пасля нібыта пугай сцёбнуў: — Дзе брод? Пакажаце — адпусцім. Поле будзеце з бацькам араць.
Поле… Янку чамусьці ўспомніліся бацькавы словы: «Сынок, наша поле з Першай Баразны пачынаецца». Праўду ён сказаў. Так, поле, палітае потам, бярэ свой пачатак са свята Першай Баразны. Усё на свеце мае пачатак. Пачатак Дрэва — яго карані, самы малюсенькі першы карэньчык; пачатак Вёскі — першая хата; пачатак Ракі — тыя крынічкі, якія бруяцца, выбіваюцца на волю. Усё мае пачатак, бо гэта — само Жыццё.
Штогод у вёсцы выходзяць людзі, нават самыя нямоглыя, на свята Першай Баразны. Яшчэ зранку ў хатах пякуць блінцы з парасткамі-атожылкамі сонца-святла. Пасля аратаі ў чыстых белых кашулях ідуць на поле, глядзяць, ці прагрэлася зямелька. Вечарам нясуць старую саху, якой калісьці падымалася роднае поле. Такая саха ёсць у кожнай вёсцы, берагуць яе ад вясны да вясны. Паважна крочаць аратаі, падбягаюць да іх дзяўчаткі, прыбраныя, што на торг, частуюць прысмакамі, бярозавым квасам. Тройчы людзі праходзяць з песнямі, ставяць саху каля ваколіцы. Мігне на небе першая зорка-светлячок — Агонь запальваюць, з двароў усякую непатрэбшчыну нясуць, смеючыся, кідаюць у вогнішча. Скачуць пад бубны і гудцы. Смех, весялосць. А пасля на полі толькі юнакі застаюцца. Усю ноч сцерагуць яны самую старую ў вёсцы саху. І ў вёсцы не спіцца. Дзяўчаты варожаць. У самую поўнач. Трэба ж ведаць, чыйго каня запрагаць у гэтую саху, хто пачне Першую Баразну. А пачынае той, над чыёй хатай павісне капыт Ласіхі.