Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 11

Алексей Николаевич Якимович

«А-а-а!» — падхапілі мужчыны-воі.

Зноў завыў баявы крыжацкі рог. Крыжакі белай хмарай рынуліся наперад.

«Яся крыжацкія коні затопчуць, — падумаў Янка. — Чаму не ратуецца? Чаму спіць у шапку?»

А Ясь… Ну й Ясь! Прарэзліва свіснуў, і Белалобы (які ж разумнік!) наўскапыта паімчаўся да Яся. Крыжакі на ўвесь скач. Вось-вось накінуцца зграяй. І накінуліся б, калі б нашы воі наперарэз ім не рванулі. Узнялі лукі. Свіснулі ў паветры стрэлы. Адзін, другі крыжак упаў, узмахнуўшы рукамі. Прыпынілася крэпасць-цвярдыня. Белалобы ўжо каля Яся. Ясь ускочыў на яго — і да сваіх.

— У-у-у… — чмялём загудзеў крыжак са шрамам.

«Угу-гу-гу…» — адгукнулася жывая крэпасць. І з усіх капытоў на нашых вояў. Ашалелі. Цяпер сапраўды ашалелі.

Янка выцягнуў шыю. Дзе ж бацька? Ага, вунь, наперадзе. Побач з Алексам. І Алесін бацька каля іх… Ляцяць крыжакі, высока ўзнімаецца Крывавая Рука. Каго яна сёння дастане?

— Татка! Татка-а! — тоненька завёў Мацей.

— Не плач, — сказаў Янка. — Слязамі гору не паможаш.

Так, не паможаш. А крыжак са шрамам парадуецца, калі ўбачыць, што плачуць.

Нясецца шалёны атрад. Цяжкія капыты крыжацкіх коней сцінаюць кветкі. А нашы воі, чаго Янка ніяк не чакаў, паімчаліся назад што сілы. Крыжакі за імі.

Янку хацелася ўпасці тварам у траву, затуліць вушы, каб нічога не бачыць, каб не чуць. Але ён глядзеў, упіваўся вачыма. Трэба глядзець. Яму бацькаў меч прыйдзецца ўзяць у рукі.

Нашы воі імчацца якраз туды, дзе брод. У Янкі перахапіла дыханне. Няўжо крыжакоў у вёску прывядуць?

— Татка! Татка! — з горыччу прамовіў ён.

«У-у-у, у-у-у…» — заскавыталі крыжакі.

Нашы воі раптам павярнулі да лесу. Крыжакі ваўкамі за імі. Янка аж трымцеў. «Так, так, — шаптаў ён, сам таго не заўважаючы. — Добра, што брод не паказалі. У лесе ратунак. Не дагоняць у лесе».

Нашы мінулі палянку, ускочылі ў лагчыну, парослую аерам, асакой. «Там жа балота, твань!» — ледзь не крыкнуў Янка.

Нечаканая развязка

Не ведалі крыжакі, што перад імі пагібель. Лёгкія коні нашых вояў праскочылі балота, а вось крыжацкія, закутыя ў жалеза, адразу ж загрузлі, праваліліся. Некаторыя, пярэднія, па самыя вушы. А нашы воі, узяўшы ў клешчы крыжакоў, сталі іх перыць, дубасіць, хвастаць. Білі цапамі, кляўцамі, секлі мячамі, сякерамі, калолі дзідамі, рэзалі косамі. Не бой, а пабоішча.

Янка не шкадаваў крыжакоў. Не было жалю. Іх ніхто сюды не прасіў. І сам, каб прымеў, біў бы. За Алесю, за Мацея, за тыя страхі, якіх набраліся.

— Янка, глянь: вусаты з балота выпаўзае, — залапатаў Мацей.

Сапраўды, паўзе на карачках. І не адзін. Некаторыя коней за аброць цягнуць.

Вылезлі, збіліся на грудку. Той, з паўлінавым пяром на грэбені шлема, непадалёку гарцуе, штосьці гергеча.

Янка заўважыў, як па самым ускрайку балота да яго стралою панёсся Алекса.

— Алекса! Алекса! — заўважыў і Мацей. Імчыцца на кані Алекса, узняўшы ўгору кісцень.

Два вялізныя шары з вострымі шыпамі на ланцужку, прымацаваным да атронка. Вось-вось смальне імі па стальным шлеме крыжака. А Мацей аж трасецца.

— Алекса! Алекса!

— Цішэй, — сказаў яму Янка.

Яму здаецца, што рыцар пачуе, а тады… Тады, як гаворыцца, невядома, чыя возьме. Рыцар увесь у брані, а Алекса ў адной белай сарочцы.