Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 10

Алексей Николаевич Якимович

Нізкарослыя касматыя коні бліжэй і бліжэй. Ну, родныя, ну! Заенчыў баявы крыжацкі рог. Крыжакі выехалі з лесу. Блішчаць на сонцы жалезныя латы, блішчаць мячы, а над шалёным атрадам у промнях сонца — Крывавая Рука. Нечакана рыцар з паўлінавым пяром махнуў рукой-пальчаткай. Крыжакі ўмомант сталі ў кола, сцяною, адзін каля аднаго.

Расказваў бацька Янку, што крыжакі любяць біцца вось так, сцяною, адзін каля аднаго. Не падступішся да іх. Куды ні кінь — сталёвыя мячы ці вострыя дзіды. І ў гэтых так. Не атрад, а жывая крэпасць-цвярдыня.

— Татка, родны, беражыся! — на ўвесь голас закрычаў Мацей.

Крыжак са шрамам торкнуў Мацея дзідай.

— Не гаўкай.

Ляцяць касматыя коні. Стаіць крэпасць-цвярдыня. Здаецца, вышэй узнялася Крывавая Рука. І яна, відаць, чакае. На каго ж апусціцца?

Не дачакалася. Касматыя коні раптам сталі. Усе як адзін.

— Так, так, — сказаў Янка.

— Што? — не зразумеў Мацей.

— Няма як нападаць. Гэтыя ў жалезе, а нашы… Сам бачыш.

Знямела наваколле. Стаяць крыжакі. І нашы стаяць. «Ву-у, ву-у, ву-ву-ву», — загудзеў у кусце чмель. Бесклапотны, мёд збірае.

Ад вёскі, разразаючы паветра, данёсся плач. Плач-лямант. І адразу ж абарваўся. Нібы струну парвалі.

— Доўга будуць так стаяць? — запытаў Мацей.

— Маўчы. Не квялі душу, — сказаў Янка. Хіба ён ведаў, ці доўга? Хіба мог адгадаць, што прыдумаюць нашы? Адно разумеў: не адступяць. Не для таго сабраліся.

Наперад выскачыў Ясь. Адна, другая крыжацкая страла свіснула каля яго…

Ясь уздыбіў каня. Белалобы прыўзняўся на заднія ногі, заіржаў, крутнуўшыся.

— Во дае! — вырвалася ў Янкі.— Адчайны. Зноў засвісталі стрэлы. Ясь ірвануўся ўбок, стаў, замахаў мячом.

— Эй, вы! Хто на мяне? Страшна з вока на вока? Яшчэ выхваляюцца! За вочы і мышанё кату хвост адкусіць пагражае.

Янка ўбачыў, што крыжак, які трымаў сцяг, перадаў яго другому. Крэпасць цвярдыня расступілася, і ён вынесся з кола на чорным, што жук, кані. Ясь, галёкнуўшы, паімчаўся насустрач. Прыгнуўся да самай грывы, толькі меч паблісквае. І крыжак нокае, паганяе каня. Блішчаць сталёвыя мячы.

— Давай, давай, — прашаптаў Янка.

Каб мог, кінуўся б напярэймы крыжаку, галёкнуў бы так, што спуджаны конь уздыбіўся б.

Коннікі ўсё бліжэй, бліжэй. Коні — Ясеў Белалобы і крыжацкі, чорны — наляцелі адзін на аднаго, заіржалі. Скрыжаваліся мячы. Ясь і крыжак, быццам нябачная сіла іх ірванула, як па камандзе, вылецелі са сваіх сёдлаў. Ашалелыя коні панесліся з усіх чатырох па лузе…

«А-а-а-а!» — паплыў ад вёскі лямант-крык.

Янку быццам асляпіла сонца. На імгненне заплюшчыў вочы. Калі расплюшчыў, то ўбачыў: крыжак, раскарачыўшыся, стараецца ўстаць. А Ясь… Ясь бяжыць да яго, узняўшы клявец. Падбег, бэнцнуў раз, другі. Нібы цвік з размаху забіў. Крыжак выцягнуўся на зялёнай траве. Адкінуў ногі.

— У-у-у! — скрыгітнуў зубамі крыжак са шрамам.

Янка са страхам глянуў на яго. Мурашкі прабеглі па спіне. Цяпер літасці не чакай.

Ды крыжак, мусібыць, зусім забыўся пра іх. Калі б Янка скумекаў, то штурхнуў бы Мацея, кінуліся б разам у гушчар.

«А-а-а-а!» — вокліч радасці данёсся з вёскі.