Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 8

Алексей Николаевич Якимович

Першая баразна. Павольна цягне конік, паважна ідзе ягоны гаспадар. Першая баразна… Пачатак новага хлеба, жыцця на зямлі.

«Не, не праведаеце вы, дзе брод. Не дратаваць вашым коням нашу зямлю», — прашаптаў Янка. Даўкі камяк падступіў да горла, на вейцы трымціць сляза. Вось-вось капне, упадзе. «Не трэба, не трэба, каб упала. Як стрываць?» Кап, — капнула, упала на жытнёвы каравай. А побач — чырвоныя кроплі-кропелькі. Сляза і чырвоныя кроплі.

Як недарэчна! Не стрываў. Пацешацца крыжакі.

— Татка-а… — усхліпнуў Янка.

— Што-о? — прагугнявіў крыжак з паўлінавым пяром. — Вам хлеб даюць. Бярыце.

Янка павярнуўся бокам і моцна, як мог, прамовіў:

— Не буду.

— Не буду, — паўтарыў за ім Мацей.

— Што-о? Не будзеце? І брод не пакажаце?

— З імі трэба інакш. Дазвольце мне, — гыркнуў вусаты. — Я дзідай. Скажуць. Усё скажуць.

Рыцар з паўлінавым пяром махнуў рукой-пальчаткай.

Янка ўзняў вочы. Ідзе вусаты, проста на яго наставіў дзіду. Блішчыць на сонцы адточаная дзіда. Чамусьці ўспомнілася, як нядаўна з Мацеем, калі два дні запар ліў дождж, спявалі:

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка…

Спявалі, клікалі, прасілі, ласкі яго чакалі… Блішчыць на сонцы адточанае лязо… Сонейка, Сонейка, асляпіла б згубіцеля-ворага…

Ідзе крыжак, ідзе, шчэрыцца ва ўсмешцы. Янка стаў адступацца назад, а губы шэпчуць:

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка…

— Братка-а-а! — заенчыў, кінуўся да яго Мацей.

Крыжак са шрамам штурхнуў яго ў грудзі. Мацей упаў на траву.

— А-а-а… — зайшоўся ў плачы.

А крыжакі ў смех, аж прысядаюць. Рагочуць, рагочуць, нібы галодная воўчая зграя вые. Вые, лютая, вые… Ліхая гадзіна…

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка,—

шэпчуць перасмяглыя вусны.

Ідзе жываглот, ідзе, шчэрыцца. Янка адступаецца назад, не спускае вачэй з халоднага сталёвага вастрыя. Павярнуцца і пабегчы што ёсць духу? Ногі ледзь трымаюць, вачэй не адвесці ад халоднага вастрыя.

Сонейка, Сонейка, Выглянь у аконейка,—

усё шэпчуць вусны.

Янка адчуў, што спінаю ўпёрся ў шурпаты ствол дрэва. Заплюшчыў вочы. Моцна-моцна. Усё. Ад жывадзёра літасці не чакай.

Вастрыё ўджаліла ў плячо — галава закружылася. Паплыло, паплыло… Зноў кальнула, нібыта страмяку загнаў. Усё. Цемень. Беспрасветнасць.

З вышыні, з самай вершаліны, глядзела, пазірала рыжая вавёрка. «Што робіцца тут?» — пэўна, закрычала б, калі б магла.

Бой з крыжакамі

— Братка! — быцам з цемры, данёсся Мацееў голас.

А пасля пачуўся гугнявы голас рыцара з паўлінавым пяром на грэбені шлема:

— Паднімі хлопчыка.

Чужыя рукі абцугамі сціснулі Янку за плечы, прыўзнялі. На нагах… Стаіць на нагах. Няўжо?

Янка расплюшчыў вочы. Вусаты трымае яго, схіліўся над ім. Які ж агідны!

Янка адступіўся назад, прыхінуўся да ствала дрэва. Апусціў галаву. Чырвоная пляма распаўзалася на кашулі.

— Будуць заложнікамі. Перавязаць, — пад'ехаў бліжэй рыцар з паўлінавым пяром на грэбені шлема.