Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 6
Алексей Николаевич Якимович
З крыкам Янка кінуўся ўперад, штурхнуў вусатага ў плечы. Крыжак, выпусціўшы дзіду, пляснуўся ў ваду.
Янка схапіў Мацея за руку, дапамог устаць.
— Братка… — заплакаў Мацей.
— Не плач. Уцячэм.
Яны прабеглі колькі крокаў, а з кустоў выскачылі крыжакі. Наставілі дзіды.
Кінуліся назад. Не, не ўцячы. Вусаты вылазіць з вады. Мокры, што пацук.
Ну й раз'ятрыўся вусаты! Падбег, кульгаючы (усё-ткі выцяўся, падаючы), узняў кулак.
— Зараз я… Зараз…
Невядома, што было б, калі б не спыніў яго другі крыжак, са шрамам-мецінай праз усю шчаку. Ён схапіў вусатага за руку, штосьці прагергетаў. Вусаты зыркнуў на яго, вылаяўся.
Янка глянуў на Мацея. Па шчоках у брата слёзы коцяцца. І выцерці няма як. Рукі звязаныя.
— Братка, нас выратуюць? Янка прашаптаў:
— Выратуюць. Алеся ў вёску пабегла. Янку, як і Мацею, скруцілі рукі, павялі туды, дзе віднеўся ўскраек лесу.
— Не плач, — сказаў ён Мацею. А ў самога слёзы на вочы набягаюць. Не стрымайся — пырснуць, расою ўпадуць на белую кужэльную кашулю.
— Цябе як злавілі? Чаму не схаваўся? — запытаў у брата.
Мацей шмыгнуў носам.
— Я вылез з лазняку, а тут яны…
Янка ўздыхнуў. Вылез. Сам. Што такому скажаш?
— Я не сказаў, дзе брод, — пахваліўся Мацей. — Хваробу.
Янка зірнуў на яго. Малайчына, вытрымаў, але як далей павернецца?
— Дзе човен стаіць, таксама не паказаў. Збіраюцца на нашу вёску напасці. Хлеба, сала ім захацелася. Дулю.
— Маўчы. Адальюцца воўку авечыя слёзкі. Бацька нас у бядзе не пакіне.
Янка верыў, што бацька выратуе, вызваліць з палону. Аднаго дня ён, Янка, у лес пайшоў. Даўно было тое, яму тады толькі шостае лета мінула. Збіраў суніцы і заблудзіўся. Знясілеў ходзячы. Прылёг пад ялінай і заснуў. Чуе праз сон — нехта па галаве гладзіць, штосьці ласкавае, добрае на вуха шэпча. Працёр вочы і бачыць: бацька. Абняў яго за шыю: «Татка, татка…» А бацька выгаварыў: «Яначка, Яначка! У сваім лесе дарогі не знойдзеш. І чаму я цябе вучыў?»
— Бацька ў бядзе не пакіне, — паўтарыў ён.
— Бацька на кані прыскача, — падхапіў Мацей. — Ён…
— Маўчаць, — гыркнулі ззаду.
— Маўчы, — сказаў Янка.
Ён адчуваў: гэтыя, у балахонах, зусім знялюдзеюць, калі заўпарцішся. Накінуцца зграяй, змалоцяць на горкі яблык. Ім не шкада. Не свае.
Мінулі той грудок, дзе збіралі шчаўе. Беляхціць у траве Алесіна торбачка. Крыжак са шрамам падчапіў яе вастрыём дзіды, шпурнуў у кусты.
— Братка, — прамовіў Мацей, — Алеся плакала, шкадавала, што торбачку згубіла.
— Маўчы.
На ўскрайку лесу, у хвойніку, стаяў увесь атрад крыжакоў. Уперадзе — рыцар з паўлінавым пяром на грэбені шлема. Конь пад рыцарам белы, што снег, барвовая гунька на ім, жалезныя налобнікі, пасярод якіх, нібы вастрыё вілаў, стальны рог. Сам рыцар таксама ўвесь у брані. Толькі вочы блішчаць, зерацца. І іншыя не лепшыя. Глядзяць ваўкамі.
Рыцар з паўлінавым пяром штосьці прагугнявіў, і ўся зграя выбухнула смехам.
Янка азірнуўся і аж задрыжэў. Воддаль стаяў крыжак са сцягам, на якім выразна вымалёўвалася Крывавая Рука. Зблізку яна была асабліва страшная.