Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 5

Алексей Николаевич Якимович

Тры дні і тры ночы абараняліся гараджане. Тры дні і тры ночы не спалі, не зводзілі вачэй. Кідалі каменне, лілі гарачую смалу. Шмат злыдняў-крыжакоў палягло пад сценамі горада. Ды знясілелі абаронцы. Праламалі крыжакі сцяну, уварваліся ў горад. Рабавалі, палілі хаты, параненых, старых і малых у полымя кідалі. Там, дзе быў горад, жэглішча стала. Алекса пакінуў абжыты кут. Блукаў, бяздомак, пакуль тут, у вёсцы, не прыпыніўся. Шмат такіх людзей, як ён, на Панямонні. Здавён іх сябрамі ці суседзямі называюць. Жывуць, працуюць у чыёй-небудзь сям'і. Пасля побач сваю хату будуюць. Сябры, суседзі… «Прымаем, бо такі наш славянскі звычай. Славяне мы», — пахваліўся тады бацька. І яшчэ пра адзін даўні звычай расказаў. Госць у хаце — самы ганаровы чалавек. Усё лепшае — яму. Зрабіць зло госцю — назаўжды ганьба ўсёй вёсцы. А калі хто іншы пакрыўдзіць яго, то гаспадар адпомсціць любому крыўдзіцелю, няхай гэта будзе хоць князь.

Свята берагуцца ў вёсцы даўнія звычаі. Маладыя ад старых вучацца. Вось чаму прынялі Алексу, далі цёплы куток. Алеся, канешне, дзівачка. Ці прынялі б крыжакоў, калі б прыйшлі як госці? Воўк у госці не ходзіць. Таму і трэба з яго шкуру здзіраць.

— Крыжакі? У госці? — перапытаў Янка. — Не, Алеся. Крывавая Рука на іхнім сцягу. Разумееш, што гэта?

— Але, — паціху сказала Алеся.

«Ну й малайчына», — хацеў пахваліць яе Янка, ды стаў як укопаны.

— Мацей! — вырвалася ў яго.

Мацей стаяў на беразе, а побач — вялізны вусаты крыжак.

— Ой, Мацея схапілі! — прыўстала на дыбачкі Алеся.

Янка рукавом працёр вочы. Быццам туманам іх заслала. Было кепска, а цяпер яшчэ горш.

Што рабіць? Калі б былі лук і страла, то абавязкова пусціў бы ў крыжака. Магчыма, пацэліў бы.

Ён стаяў і моўчкі глытаў даўкія камякі, якія душылі горла.

— Дзе брод? — пачуўся голас вусатага крыжака.

Янку здалося, што варона каркнула. «Хочуць на вёску напасці», — мільганула ў галаве.

— Дзе брод?

Мацей стаяў, угнуўшы плечукі.

— Дзе брод? — Вусаты схапіў Мацея за вуха.

— Пусціце-е! — пранізліва ўсклікнуў Мацей.

— Дзе брод? Брод дзе?

— Балі-іць…

Янка ўвесь напяўся, нібыта сутужына ад лука. Што рабіць? Галёкнуць?

— Дзе брод? Не скажаш?

— Ой! — гучна войкнула Алеся.

Вусаты, відаць, пачуў, бо азірнуўся, бы злодзей, якога заспелі знянацку.

— Пусці-іце-е…

— Яначка, — заенчыла Алеся, — што ж нам рабіць?

Цяпер Янка ведаў, што неўзабаве зробіць.

— Алеся, дай знаць нашым, што крыжакі тут, — сказаў ён і, павярнуўшыся, пабег назад, туды, дзе човен. Расхінуўшы аер, ён ускочыў у човен, з усёй сілы адштурхнуўся вяслом. Крыжакі заўважаць, што плыве па рацэ? Пра гэта не думалася. Мацея трэба ратаваць, яму блага.

На беразе Янка стаў, азірнуўшыся: на лузе, каля вёскі, мільганула Алесіна хусцінка. Падумалася: бацька ў бядзе не пакіне.

Вусатага і Мацея ён убачыў за павароткай. Крыжак стаяў на беразе, тварам да ракі, абапершыся на дзіду — кап'ё з доўгім драўляным дрэўкам, якое заканчвалася вострым жалезным наканечнікам. А Мацей… Мацей сядзеў на траве. Рукі за спінаю звязаны лыкам.

Нячутна ступаючы, Янка стаў падкрадвацца да вусатага. Крок… Яшчэ адзін… Стаіць, злыдзень. Мо задрамаў? Здалося, паварушыўся. Што, калі пачуў?