Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 68

Алексей Николаевич Якимович

Сталы ад ядзення-піцення ломяцца, а апошняе забірае. Мабыць, не ведае, што ў іхняй вёсцы голад.

— Расказаў бы князю, як нам жывецца.

— Стане ён цябе слухаць. Шукай праўду ў людзей, — прамовіў Ясь.

Выходзіць, не стане. Аддавай — і ўсё. Здаецца, свой, а нейкі нялюдскі.

— Чаму ты ідзеш у яго войска? Чаму служыш яму? Ён жа слухаць нас не хоча.

— Я не яму служу. Я сваю зямлю ад ворагаў абараняю. — Ясь узняў пугу, махнуў.— Бачыш, якая яна, зямля наша? Хіба можна яе каму-небудзь аддаць?

Янку стала так сорамна, што хоць з воза злазь ды дамоў уцякай. Праўду сказаў Ясь. Зямлю ён абараняе. Не абараняў бы — крыжакі гаспадарамі па гэтай дарозе раскатвалі б. І каля крыніцы яны сядзелі б, нікога не падпусцілі да яе, і на Шчары рыбу лавілі б.

Ясь азірнуўся.

— Не сумуйце, хлопчыкі і дзяўчынка. Давайце лепш песню заспяваем. Га?

— Ты пачні, а мы падцягнем, — прапанавала Алеся.

Ясь пачаў спяваць:

А ў нашага суседа Учора была бяседа: Свіння ў дуду іграла, А курыца скакала.

Мацей і Алеся падхапілі:

А пятух прыпяваў І ножкай прыбіваў.

— А ты, Янка, усё хмурышся, — прагаварыў Ясь, калі скончылі спяваць.

— Я думаю, — прызнаўся Янка.

— Пра што ж ты думаеш?

— Нядаўна ты казаў, што нашу зямлю трэба абараняць. Я яе буду абараняць. І Мацей будзе. Так, Мацей?

— Калі вырасту, то самага галоўнага крыжака на дзіду начаплю, — пахваліўся Мацей.

— Смелыя вы, — прамовіў Ясь. — Янка, і ты гэта мне хацеў сказаць?

— Не. Мне хочацца ведаць, чаму тут зямля, як яна з'явілася. І ты не ведаеш?

— Што па вадзе плыве — не пераняць, што людзі гавораць — усё не пераслухаць. Вось што чуў ад людзей. Быў час, калі вакол, куды ні глянь, стаяла вада. А цемра была такая, што хоць вока выкалі. Ні месяца, ні зорак на небе.

— Ой, страхоцце, — не стрывала Алеся.

— Страхоцце, — пагадзіўся з ёю Ясь. — Святло дае радасць. Святло дае жыццё. А тады ва ўсім свеце плавала адна-адзіная качка. Прыйшла ёй пара знесці яйка.

— У яе ж не было гнязда! — усклікнуў Мацей.

— Будзь спярша выслухачом, а потым павядачом, — папракнуў Ясь. — Прыляцела качка да Багіні воднай стыхіі дый кажа: «Не знайду месцейка, каб знесці яечка, каб птушанятка выседзець». Зжалілася Багіня воднай стыхіі, узняла рукі, і ў яе цёплыя далоні качка паклала яйка. А неўзабаве так сталася, што ўзляцела качка, каб рыбай пажывіцца. Ні стуль ні ссюль каршун. Наляцеў, што чорная хмара, выхапіў яйка і панёс. Застагнала-закрычала качка. Узлавалася Багіня воднай стыхіі, сына-ветра паклікала, дала лук, стралу-маланку і загадала: «Забі каршуна». Сын-вецер напяў цеціву лука, пусціў стралу-маланку, працяў каршуна. Упала яйка з вышыні на грэбень хвалі і разбілася на дзве роўныя палавінкі. З адной палавінкі, з верхняй, утварылася неба і ўсё, што на ім: месяц, зоркі, хмары. А з другой, з ніжняй, цвердзь зямная. На ёй горы, лясы, пералескі, розная жыўнасць лясная, балотная і вадзяная. У нізінах рэкі, азёры.

— А з жаўтка? — запытала Алеся.

— З жаўтка — сонца.

— Мне спярша падумалася, што Багіня — гэта русалка, — прамовіла Алеся.