Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 67
Алексей Николаевич Якимович
— Ці пусціць нас татка ў Слонім? — прагаварыў Мацей.
Усё-ткі пусціў бацька ў Слонім. І што самае дзіўнае? Пра гусака нават не ўспомніў. Праўда, маці крыху пабедавала: «Такога гусака ліса ўкрала!» Бацька на гэта сказаў: «У васілевіцкіх праз дзень прападаюць. Трэба пільнаваць».
— Давай папросім бацьку, каб да Яся пусціў. Відаць, прынёс шкуру. Падзівімся, — сказаў Мацей.
— Не трэба. Заўтра Ясь сам пра ўсё раскажа, — запярэчыў Янка.
— Пра што вы? — запытала маці.
— Проста так, — не прызнаўся Мацей.
— Вы ў горадзе не хадзіце рот раскрыўшы, — папярэдзіў бацька.
— Чаму? — пацікавіўся Мацей.
У бацькі вус прыўзняўся ўгору. Заўсёды так, калі смяшынку стараецца схаваць.
— Аглобля ў рот трапіць.
— Пацяшаешся, — надзьмуўся Мацей.
— Там вазоў не раўня як у нас. І народу многа, — ужо лагодней сказаў бацька.
— Многа — гэта колькі? — запытаў Янка.
Многа, так ён разумеў, калі ўсёй вёскай збяруцца, як нядаўна, калі талакой брод масцілі. Альбо калі на лузе разам косяць. Касцы доўгім-доўгім шнурам ідуць. І ў час жніва многа. Ну, а найбольш на Купалле, калі водзяць карагоды, калі агні па Шчары пускаюць. Аднаго разу бацька яго на Каўпак завёў, тыя агні з вышыні паказаў: «Бачыш, сынок?» — «Бачу», — сказаў ён. «Што бачыш?» — запытаў бацька. «Агні па Шчары плывуць. Ад вёскі да вёскі», — адказаў. «Што ні агеньчык, то чалавек. Глядзі, сынок. Адзін каля аднаго агеньчыкі. Так і ў бой ідзём, локаць у локаць. У гэтым наша сіла», — сказаў бацька.
Янка чакаў, што і цяпер бацька нешта падобнае скажа. А ён толькі прамовіў:
— Пабачыце. Пацярпіце трошкі.
Гэта для яго трошкі. А для іх вечар надоўга расцягнуўся. А ноч… Ноччу Янка раз-пораз усхопліваўся. Усё здавалася, што світае. Нарэшце бацька не сцярпеў: «Спі, бо заўтра не дабуджуся».
— Яначка, уставай, — завуркатаў зранку бацька ў самае вуха. — У Слонім паедзеш?
Ускочыў Янка і ў сенцы. Выглянуў на двор. Няма Яся. Засмуціўся: «Адзін паехаў. Абмануў».
— Чаго нос павесіў? — заўважыў бацька.
— Не трэба абяцаць, — у адчаі прагаварыў Янка.
— Не ўсё адразу робіцца. Хутка прыедзе ваш Ясь.
У Янкі быццам месяц над галавою заззяў.
— Паедзем?
— Збірайся. Прытарахціць.
Нарэшце дачакаліся Яську. Як сказаў бацька, прытарахцеў Ясь. Ён сядзеў на возе, нагружаным мяшкамі з жытам. Поруч — Алеся.
Бацька яшчэ ўчора сказаў Янку, што Ясь павязе князю жыта. Не першы раз мужчыны вазілі ў горад. Што ж, аброк. Калі жытам, пшаніцай, аўсом, сенам, то чамусьці называюць «дзяклом». Калі даюць подаці мясам і яйкамі, то — «мезлевам». Будуюць масты, дарогі, крэпасці, адбываюць падводную павіннасць. Ведаў пра гэта Янка, але сёння — не, не — прабягала ў галаве: «Аброк вязуць, а ў вёсцы голад. Чаму?»
— Сядайце, — запрасіў Ясь.
Янка і Мацей залезлі на воз, уселіся. Ясь гукнуў:
— Но-о!
— Ясь, чаму жыта князю вязеш? Хіба ў нас яно лішняе? — не стрываў Янка.
— Хочаш не хочаш, а князева аддай.
Кажа, што князева. Чаму князева? Хіба князь сеяў, жаў, малаціў?
— Ясь, і князю не хапае хлеба?
Горкая ўсмешка прабегла па Ясевых вуснах.
— У князя сталы ад ядзення-піцення ломяцца.