Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 66
Алексей Николаевич Якимович
— Ясь! — усклікнула Алеся і — з усіх ног да яго.
Ясь, убачыўшы Алесю, узрадаваўся:
— А-а-а, перапёлачка!
Алеся не дабегла да Яся колькі крокаў, стала.
— Мы… Мы гусака забілі.
Ясь аж прысеў.
— Чыйго гусака?
— Янкавага. Мацей басалыком забіў. З першага разу ў галаву пацэліў. А Янка ваўчыцу забіў. Яна нас дамоў не пускала.
— Бач ты! Хто варон ловіць, а хто работу робіць. Моцна стукнуў?
— Ваўчыца аж перакруцілася.
— Як кілбаса на патэльні? — зарагатаў Ясь.
— Не верыш? — пакрыўдзілася Алеся.
— Веру. Свая сіла кожнаму міла. Усё?
— Не. Яшчэ Янка ў багну праваліўся.
— І ты яго выцягнула?
— З Мацеем.
— Усё?
— Не. Мы гусака знайшлі.
Ясь прытупнуў нагою, бы танцуючы.
— Яго ж Мацей забіў. З першага разу ў галаву пацэліў.
— Забіў. Гусака цётка з барадой ела. Засмажыла і ела.
— Усяго з'ела?
— Мы не бачылі. Мы з усіх ног прыпусціліся. Мацей, мабыць, адстаў. Мацея, мабыць, тая цётка з барадой схапіла.
— Хм, — хмыкнуў Ясь.
«І на гэты раз ён не паверыў,— падумаў Янка. — Ніводнаму слову не верыць. Няхай. Некалі паверыць. Цяпер трэба Мацея знайсці».
Ён збочыў на сцяжынку і — хутчэй, хутчэй.
— Куды ты? — крыкнуў Ясь.
Янка не азваўся. Крыўдна. Чаму не верыць? Мацея трэба ратаваць. Цётка з барадой з рук не выпусціць. Хлеб з'ела… Гусака з'ела…
Ясь дагнаў яго каля мастка.
— Пачакай.
І верабей зло мае. Янка не вытрываў, прарвалася крыўдаю.
— Табе Мацея не шкада. Ён не твой брат. Яго цётка з барадой на цяпельца кіне.
Ясь на ўсю моц гукнуў:
— Маце-ей!
— Тут я, — данеслася з-за кустоў.
Янку падумалася: з-пад зямлі, цётка з барадой, пярэварацень, пад зямлю зацягнула.
— Вылазь, калі тут, — усміхнуўшыся, сказаў Ясь.
У кустах затрашчала, і Мацей вылез, як гаворыцца, жывы і здаровы.
Алеся абняла яго за шыю.
— Мацей! Мацейка! І Янка абхапіў.
— Мацей! Мацей!
Як добра, што ён тут! Як добра, што не пад зямлёю! Як добра, што разам! Шчасце якое! Ясь адпіхнуў дружбакоў.
— Адыдзіцеся, збавіцелі. Дайце мне з ім пагаварыць. Ну, — звярнуўся Ясь да Мацея. — Цябе таксама цётка з барадой даганяла?
— Угу. Я спярша адстаў, бо за корч зачапіўся. Пасля падняўся. Бег, бег… У мяне сэрца калацілася, калацілася… Болей не мог. Забег за кусты і зваліўся. Упаў, ляжу, а вочы заплюшчваюцца, зямля плыве… Мяне сон-трава змарыла.
— Заснуў, адным словам, — сказаў Ясь.
— Сон-трава змарыла.
— І ваўчыцу забілі?
— Янка забіў.
— А ты не?
— Я гусака забіў.
— Забілі і ваўчыцу, і гусака… Прызналіся б, што гусака ліса ўкрала, не дагледзелі.
— Я праўду кажу… Ясь павярнуўся да Янкі.
— Дзе ваша ваўчыца ляжыць?
— Вунь там, — тыцнуў рукою Янка. — Дзе тры яліны стаяць, адна сухая. Паказаць?
— Сам знайду. Шкуру зніму. Хм, — хмыкнуў Ясь. — Шкуру…
— А нам куды?
— Цяпер дамоў. А заўтра… Заўтра ў Слонім еду, вас хачу ўзяць. Гойсаеце па лясах…
— І мяне возьмеш? — усклікнула Алеся.
— І цябе. Толькі дома пакуль нічога не кажыце. Сам скажу. Хто язык доўгі мае, таму дрэнна бывае, — прамовіў Ясь і, павярнуўшыся, пачыкільгаў па сцяжынцы.