Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 69
Алексей Николаевич Якимович
— Чаму? — пацікавіўся Ясь.
— Думалася, што гэткая ж. А яна добрая. Яна для качкі была як матуля.
— Шкадавала яе, — пагадзіўся Мацей. — А каршун сапраўдны крыжак. Наляцеў і панёс.
— Далёка не занёс, — сказаў Янка. — Так яму і трэба.
— Вось каб мне стралу-маланку! — усклікнуў Мацей.
— Навошта? — спытаў Ясь.
— Каб без промаху ў крыжакоў страляць.
— Вучыся — будзе і твая страла маланкай. Яны ўязджалі ў Васілевічы. Вёска як вёска.
На іхнюю падобная. Невялічкія хаткі, ліпы, бярозы пры хатках.
— Гляньце! Вунь Антон і Макар! — усклікнула Алеся так, нібы тых, даўно вымерлых мамантаў убачыла.
Антон і Макар стаялі на вуліцы. Відаць, толькі-толькі выскачылі з хаты. І яны глядзелі на ўсе вочы, нібы мамантаў убачылі.
Мацей прыўзняўся:
— У Слонім едзем! У Слонім!
— Мацейка, злезь! Вушы надзяру, — крыкнуў Антон.
Мацей не разгубіўся.
— Пашукай дурняў у іншым месцы. Бачыць сава сонца? Так і ты.
— Вырас з ляжачага сабаку, — галёкнуў Макар.
— Разумная галава, ды на дурной шыі,— агрызнуўся Янка.
— Зловім і крапівы ў порткі напхаем! — крыкнуў Антон.
Ясь махнуў пугай.
— Но! Но!
Конь трушком, трушком.
— Чаго вы, нібы сабакі? — паўшчуваў Ясь. — Некалі разам на крыжакоў пойдзеце.
— З імі не пайду, — буркнуў Мацей.
І Янку не верылася, што разам з васілевіцкімі пойдзе ў бой, локаць у локаць. Як можна разам, калі, сустрэўшыся, абавязкова пасварацца ці паб'юцца?
— Пойдзеце, — сказаў Ясь. — Некалі і я, як і вы, меркаваў.
— А ты з ваўчыцы шкуру садраў? — успомніў раптам Янка.
— Ясь, ты шкуру сабе забірай. Нам яна не патрэбна, — падаў голас Мацей.
— Ваша шкура па лесе бегае, — нечакана сказаў Ясь.
Янка вытрашчыў вочы.
— Як бегае?
— Там, каля трох ялін, не было ніякай ваўчыцы. Хутчэй іголку ў стозе знайшоў бы.
— Ясь, я ж яе…
— Забіў? — усміхнуўся Ясь.
— Можа, ваўчыцу цётка з барадой украла? — прашаптаў Мацей.
— За ногі павалакла, — засмяяўся Ясь і зацягнуў:
Васілевічы засталіся далёка ззаду. Паабапал стаяў лес, як здавалася, чужы тут, няўтульны. Янка, Алеся і Мацей сядзелі сцішыўшыся. А Ясь цешыўся, спяваў:
Дарога вяла ў Слонім. У горад, у якім ні Янка, ні Мацей, ні Алеся яшчэ ні разу не былі.
Слонім… Колы заскакалі па тонкіх бярвеннях, па плахах, якімі слонімцы вымасцілі вуліцу. Паабапал вуліцы стаяць хаты, рубленыя з дрэва «ў абло». Стрэхі саламяныя, вокны, як і ў іхняй вёсцы, маленькія. На вялікіх падворках, за хатамі — свірны, клуні, пуні. Высока ўгору, нібы драўляныя рукі, цягнуцца асверы студняў. Каля кожнай хаты дагледжаны агарод.
— Стрэхі, як і ў нас, саламяныя, — здзівіўся Мацей.
— А вунь драўляная, — усклікнула Алеся.
— Гэта цясовы дах, — сказаў Ясь і пачаў тлумачыць: — У хатах пад цясовымі дахамі жывуць багатыры-гандляры…
«Што ж гэта? Горад адзін, а жывуць па-рознаму, — думаў Янка. — Яны, відаць, адзін з адным не падзеляцца. Не. У вёсцы лепей. У вёсцы ў бядзе не пакінуць».