Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 70
Алексей Николаевич Якимович
— Ясь, дзе князь жыве? — пацікавілася Алеся.
— Хутка ўбачыце.
— А як зваць князя?
— Манівід.
Янка ўсміхнуўся. Дзіўнае імя. І чаму такое сабе абраў? Напэўна, каб ад іншых адрознівацца, як і багатыры-гандляры. Нездарма хаты пад дранковымі дахамі.
Янка глядзеў на ўсе вочы. Па вуліцы адзін за адным цягнуліся вазы, спяшаліся коннікі.
А ў вёсцы ў будні дзень на вуліцы пуста. Толькі куры каля прызбаў грэюцца. Хто ў полі, хто на балоце, хто ў лесе. А тут так людна! Няўжо людзі ў горадзе без работы?
— У горадзе па-свойму работа ідзе, — сказаў Ясь. — Вось мы едзем, жыта князю вязём. Хіба гэта не работа?
За вуліцай, за хатамі, цякла, выгіналася Шчара. Янка заўважыў на беразе перавернутыя, чорныя ад смалы чаўны, рыбацкія сеткі, расцягнутыя на шастах, убітых у зямлю.
«Тут і рыбакі жывуць, — здагадаўся Янка. — Пэўна, ноччу рыбу лавілі. Вунь сеткі сушацца. Нялёгкая іхняя работа. А думалася, што ў горадзе ўсе адпачываюць».
Так, трэба прыглядвацца. Трэба. Вунь нейкі чалавек у вадзе стаіць, да каленяў падкасаўся, штосьці палошча.
— Ясь, вунь той чалавек, што каля чоўна, палатно палошча?
— Гэта гарбар.
Гарбар… Новае слова. Аніразу такога не чуў. Вось і Алеся засмяялася:
— Гарбар — гэта той, у якога горб?
— Гарбар вырабляе скуры, а з вырабленых скур шыюць боты, чаравікі. Гарбар можа скуры так вырабіць, што белымі-белымі становяцца. Іх прадае гандляр-беласкурнік.
— Хто такі беласкурнік? — не зразумела Алеся.
— Гандляр адбеленымі скурамі. А той чалавек гарбар. Сырыя, яшчэ не вырабленыя скуры ён у рацэ вымочвае. Ад такой работы сапраўды можа горб вырасці,— нявесела закончыў Ясь.
Цяпер Янка крыху зразумеў, якая яна, гарадская работа. Рыбакі ловяць рыбу, гарбары вырабляюць скуры, са скураў шаўцы шыюць боты, чаравікі, а гандляры прадаюць. У кожнага свая работа. А ў вёсцы чалавек усё ўмее рабіць: і касіць, і араць, і сеяць. Не. Горад зусім на вёску непадобны.
— Козы і каровы на выгане! — усклікнула Алеся.
Сапраўды, ходзяць па выгане. Побач стаіць пастух з доўгім бізуном у руках. Выходзіць, і пастухі ёсць у горадзе. Незвычайны гэты горад.
Чым болей Янка глядзеў, углядваўся, тым болей разумеў. І нешта цёплае нараджалася ў душы. Любоў? Замілаванасць? Не. Ён любіў сваю вёску. Любіў, што матулю. Дык што ж нараджалася ў душы? Відаць, павага. Ён паважаў горад так, як паважаюць старэйшага.
— Тую будыніну бачыце? — тыцнуў рукою Ясь, паказваючы на высокі будынак, які стаяў на беразе.
— Што гэта? Княскі палац? — усклікнуў Мацей.
Ясь аж прысеў, смеючыся.
— Ха-ха-ха… Палац… Княскі… Ха-ха-ха…
— Не смейся, а скажы. Смяяцца і я ўмею, — пакрыўдзіўся Мацей.
— Гэта вясняк. Так называецца млын, які працуе толькі вясной, калі прыбывае вада.
Яшчэ адно слова Янка запомніў. Вясняк… Прыгожа гучыць. Відаць, не ў адну столку трэба розуму мець, каб так прыдумаць.
— А там вунь хто ідзе? Гандляр-багатыр? — перапыніў разважанні Мацей.
Янка глянуў уперад. Насустрач сунуўся тоўсты мужчына. На нагах чырвоныя боты, на галаве лісіная шапка з зялёным верхам. Стракаты, нібы певень.