Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 65

Алексей Николаевич Якимович

— Свіння!

Пасля Мацей крыкнуў:

— Сабака!

Чаму яны так? Няўжо адно аднаго абзываюць? Яшчэ гэтага не хапала. Хацеў насварыцца на іх, ды Мацей апярэдзіў, насустрач кінуўся.

— Братка, кажу ёй, што сабака. Алеся тупнула нагою.

— Свіння!

— Быццам я не ведаю, — прамармытаў Мацей.

— Я яму загадку загадала, — затрашчала Алеся. — А што стогне без немачы? Кажу, што свіння, а ён даказвае, што сабака.

— Сабака, — прагаварыў Мацей. — Я адгадаў. «Знайшлі з-за чаго спрачацца», — падумалася Янку.

— Канешне, свіння, — прамовіў ён і, павярнуўшыся, шпарка пакрочыў. Алеся і Мацей — подбегам за ім.

Мацей дагнаў яго.

— Ты моцна спалохаўся?

Не хочацца ўспамінаць. Навошта пытаецца? І так лезе ў галаву. Проста млосна становіцца…

— Алеся, яшчэ загадку загадай, — папрасіў.

— А што саладзей мёду? — запытала Алеся.

— Сон, — хуценька адказаў Мацей.

— Адгадаў,— усклікнула Алеся. Мацей усміхнуўся.

— Мяне хлебам не кармі, а дай паспаць. Мне і цяпер хочацца спаць. — Мацей, раскрыўшы рот, гучна пазяхнуў: — О-о-о!..

— Глядзі, каб муха не ўляцела, — засмяялася Алеся.

— Мацею за сном і адпачыць няма калі,— пачаў Янка ды раптам змоўк.

Узбоч, непадалёку, пад разлапістай елкай, гарэла цяпельца, а каля яго сядзела цётка з барадой і ела гусака: прагна, раз-пораз аблізваючы пальцы. Янку нават здалося: косці хрумсцяць на зубах.

Нейкае імгненне яны глядзелі на яе, а яна на іх. Затым ускочыла, заверашчала:

— А-а-а…

Янка сарваўся з месца і кінуўся на злом галавы. Нёсся, не выбіраючы дарогі. Шчасце, што зноў у багну не трапіў.

Стаў толькі каля хаты. Знячэўку хацеў у хату ўскочыць, ды што маланкай працяла: «Малыя дзе?» Азірнуўся — Алеся падбягае. Засаплася, бедная. А дзе ж Мацей?

— Алеся, Мацея не бачыла? Алеся падбегла да яго.

— Я… я… Я нічога не бачыла. Я так уцякала. Уцякала…

Выходзіць, не бачыла. Анічога не бачыла. Як і ён. Пакінуў брата. А ў руках жа басалык — сапраўдная зброя. Ад ваўчыцы не ўцякаў, а тут… Чаму? Апарыўшыся на малацэ — і на ваду студзіш?

— Яначка, Мацей прыбяжыць, — прагаварыла Алеся.

Няўжо Мацей адстаў ад Алесі? Але ж хутчэй за яе бегае… Сапраўдная зброя ў руках… Ад ваўчыцы не ўцякаў…

— Яначка, можа, Мацей у хаце сядзіць?

У хаце… У хаце… Трэба праверыць. Магчыма, сядзіць, іх чакае. Магчыма, апярэдзіў. А цяпер баіцца нос высунуць… Дажыліся. І ў сваёй хаце не вольна.

Янка адчыніў дзверы. Няма Мацея ў хаце. А калі на гарышчы? Са страху і на гарышча можна заляцець.

— Маце-ей!

Не азываецца. Няма і на гарышчы. Недзе там, у лесе. Што з ім? Пакінуў… Малодшага брата… А яшчэ ў Яся зброю прасіў. Думаў перамагчы цётку з барадой.

Ён сеў каля падмурка, апусціў галаву. Басалык пёк далоні. Што, калі Мацей у балота праваліўся? Янка прыгадаў, як падступае да грудзей халодная вада…

— Янка, а мо Мацея цётка з барадой схапіла? — заплакала Алеся.

Янка ўскочыў.

— У лес пайду. Пашукаю.

— А калі Мацей сам у вёску бяжыць?

— Сустрэну.

— Сустрэнем, — пагадзілася Алеся.

Янка сціснуў у руцэ басалык. І тут каля самай хаты пачулася песня:

Ай, зелена, зелена траўка на мяжы. Таму ж яна зелена, бо ідуць дажджы. Ой, молада, молада ў мужа жана, Таму ж яна молада, што доля міла.