Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 64

Алексей Николаевич Якимович

Не цямячы, што робіць, памкнуўся наперад, ухапіўся за лазовы куст. Багна не выпускала, павольна, але няўмольна ўцягвала яго, як змяя ўцягвае ў пашчу сваю ахвяру.

«Трымайся, Яначка, не мітусіся», — зноў прашаптаў той жа голас.

Цягне багна, уцягвае. Хітрая, што ваўчыца. Чакае, каб ірвануўся, забыўшыся пра ўсё… Не, не, не…

— Братка-а-а… — кінуўся да яго Мацей.

— Правалішся! Не лезь!

— Братка, не пакідай мяне!..

Стаіць, з нагі на нагу пераступае, быццам у падэшвы пячэ.

— Мацей, не лезь.

— Братка, за куст трымайся.

Багна цягне, уцягвае. Халодная вада падступае да грудзей.

«Тук-тук, тук-тук», — трывожна застукаў жывы камячок. Стукае… Стукае…

— Братка, што нам рабіць?

— У вёску пабяжым! Людзям раскажам! — усклікнула Алеся.

Вядома, у вёску забягуць. Вядома, раскажуць. Але ж…

— Пачакайце…

Янка напружыўся, імкнучыся туды, наверх, дзе зеляніна. Крыху адпусціла багна. Але ж і куст трэснуў. Зусім паціху.

Трымацца. Трэба трымацца. Не варушыцца. Трэсне яшчэ раз — і канец… Трымацца…

— Мацей, стой.

— Я стаю. Стаю…

А сам часта-часта з нагі на нагу пераступае.

— Братка, я табе руку падам.

Праваліцца ж… Удвух загінуць. Багна не пашкадуе. «Руку падам». Падаюць, каб памірыцца ці дапамагчы. А цяпер?.. На пагібель? Чаму так?

— Не, Мацей, не трэба.

— Мы лясіну прынясём, — здагадалася Алеся.

— Прынясіце. Падайце.

Пабеглі. Зноў халодная вада падступае да грудзей. Побач лясны ўскраек, а як доўга бягуць!

Янка на імгненне заплюшчыў вочы. Ажыло ў памяці. Бяжыць ён па траве да маці. Яна наставіла рукі, кліча. А трава высокая… Бяжыць, чапляецца. Хутчэй, яшчэ хутчэй… Спатыкнуўся, упаў тварам у траву. Заплакаў горка-горка. Не змог дабегчы. Не змог. Горка на душы…

— Яначка, трымайся, — пачуўся Алесін голас. Ён расплюшчыў вочы. Стаіць Алеся, трымае доўгую лясіну. І Мацей стволік абхапіў. Ці моцна трымаюць? Ці так, як ён за гэты куст?

— Братка, мы пададзім, а ты…

— Блізка не падыходзьце. Падавайце.

Вось ён, тонкі стволік. Кара пачарнела, сям-там аблушчылася. Няўжо збуцвеў? Няма як марудзіць.

Янка ўхапіўся за лясіну. Спярша адною рукою, пасля — другою. Цяпер ні за што пальцы не расшчэміць.

— Цягніце! — выдыхнуў.

— Цягнем, Яначка.

— Цягнем, братка.

Уперліся нагамі, цягнуць. Не адпускае багна. Быццам балотны чорт за ногі яго трымае. А што, калі сапраўды? Трымае, рагаты, пацяшаецца. Пацяшаецца…

Янка рвануўся, і багна, хлюпнуўшы, што бот, у які набралася вады, сыцілася за ім. Ён, павярнуўшыся, патрос кулаком.

— У-у, пракляты!

— На каго ты так? — здзівіўся Мацей.

Ён прамаўчаў, не прызнаўся. Ён стаяў на зямлі. На цвёрдай зямлі. Зямля… Зямля-матуля. Яна, ён добра гэта адчуваў, зусім не пяклася.

Цётка з барадой і сон-трава

Непадалёку была крынічка. Схаваўшыся за кусты, Янка памыўся. Нават штаны і кашулю памыў, выкруціў. Мокрыя? Ну і што? Летам і на сабе высахнуць. Не першына.

Ён думаў, што Алеся і Мацей, як звычайна, пачнуць охаць, ахаць, успамінаючы нядаўняе. Але ж не. Здалёку пачуў, што спрачаюцца. Алесін голас першы данёсся: