Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 62

Алексей Николаевич Якимович

— Яшчэ адну загадку адгадайце. А што шэпча не гаворачы? — бы здалёку, данёсся Алесін голас.

І адразу ж Мацееў:

— Братка, воўк!

Янка глянуў і скалануўся. Проста перад імі, каля ядлоўцавага куста, стаяў, падцяўшы хвост, вялізны калматы воўк. Стаяў нерухома, нібы камень, які ўрос у зямлю. Звычайна ваўкі, ведаў ён, не любяць з людзьмі сустракацца. А гэты вылез спадцішка, як з-пад мяшка.

Стаіць, скрыва пазірае. «А што шэпча не гаворачы?» Няўжо воўк? Няўжо ён не гаворачы шэпча?

Янка тупнуў нагою.

— Угу-гу-у-у…

Воўк нават не паварухнуўся.

— Якія страшныя ў яго вочы! — прашаптала Алеся.

— Ідзі. Сваёй дарогай ідзі. Не чапай нас, — пралапатаў Мацей.

Янка зноў тупнуў нагою, загугукаў, каб напалохаць:

— Угу-гу-у-у…

Не ўцякае. Стаіць. «Дык гэта ж не воўк, а ваўчыца!» — працяло здагадкаю. На днях бацька прынёс навіну ў хату: васілевіцкія з нары ваўчанят забралі, а ваўчыца некалькі разоў падыходзіла да вёскі, пакуль цялё не зарэзала. Помсціць за сваіх ваўчанят. Такія, як чуў, не толькі на жывёлін, але і на людзей нападаюць. Нібы шалеюць.

— Воўк на нас не накінецца? — прамовіў Мацей.

Янка сказаў праўду:

— Гэта не воўк, а ваўчыца. У яе васілевіцкія ваўчанят забралі. Трымайцеся каля мяне.

Ён ступіў некалькі крокаў убок. Ваўчыца разявіла пашчу, пазяхнула і скокнула ў гэты ж самы бок.

— Яна нас не пускае, — падала голас Алеся. «Не пускае, не пусціць, — падумаў Янка. — Пільнавала».

— Лезьце на хвойку, — загадаў Алесі і Мацею.

А ваўчыца (няўжо сцяміла?), скрыва паглядзеўшы (аж да пят працяло), пайшла проста на іх. Няспешна так.

— Лезьце. Глухія?

Кешкаюцца… Каб толькі ўратаваліся! Пасля раскажуць у вёсцы, што было. Няхай ведае бацька, няхай ведае Ясь, няхай усе-ўсе ведаюць, што ён не забаяўся. Чаму ж топчуцца? Чаму не лезуць?

— Лезьце!

— Братка, я з табою, — заенчыў Мацей. Ваўчыца ўсё бліжэй. Падыходзіць няспешна.

Не паказвае, што вось-вось скокне. Абмануць хоча. Не паверыць ён ёй.

— Алеся, лезь!

— Яначка, а ты?

Не даходзіць. Здзервянелі ад страху. Ваўчыца зусім блізка. Сапе. Здаецца, смурод з пашчы. «А што шэпча не гаворачы?» Шэпча не гаворачы… Сапе… Мо не сапе, а шэпча не гаворачы? Шэпча не гаворачы… Зразумела, што яна шэпча. Злосці поўныя косці.

Вось-вось кінецца. Ён свіснуў басалыком. Амаль без замаху. Так, як траву косяць. Ад неспадзеўкі ваўчыца падскочыла. Адбеглася, ашчэрыла зубы.

— У-у, звярына! Каб твае вочы павылазілі,— усклікнуў Мацей.

Не ратуюцца, не лезуць на дрэва. Накрычаць на іх? У роце суха-суха. Язык колам стаіць.

«Басалык — зброя нашых вояў — выратуе», — падумалася.

— Уцякайма, — прашаптаў Мацей.

— Уцякайма, — падхапіла Алеся.

Што ж яны кажуць? Разарве ваўчыца, калі пабягуць. Яна гэтага чакае.

— Стойце! Алеся ў плач:

— Яначка-а-а…

Янка не спускае вачэй з ваўчыцы. Зноў набліжаецца, брыдота. «А што шэпча не гаворачы?» Чаму ж гэтая загадка так у галаву ўлезла? Цвіком сядзіць. Шэпча… Не гаворачы… Яна, ваўчыца, шэпча… Яна? А хіба вецер не шэпча не гаворачы? Ветрык. Калі лісцямі ціхенька шалясціць. Шэпча, нібы нешта бае, расказвае. Шэпча… Вецер, ветрык, узніміся, сыпні пяском, як з прыгаршчы, у гэтыя вочы, якія працінаюць, прымушаюць лекацець, сілу адбіраюць.