Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 61

Алексей Николаевич Якимович

Яны падаліся ў лес. Як сказаў Мацей, лісу за хвост лавіць.

Паядынак з ваўчыцай

На ўскрайку, хоць пад кожны куст зазірнулі, яны не знайшлі ні лісы, ні гусака, ні нават перынкі.

— Няўжо ліса гусака праглынула? — пачухаў патыліцу Мацей.

— Далей панесла, — скумекала Алеся. Пайшлі далей. Янка сціскаў у руках басалык.

Што, калі тая цётка з барадой з-за куста выскачыць?

— Я вам загадку загадаю, — прапанавала Алеся.

— Загадвай, — пагадзіўся Янка. — Будзе весялей.

— А што бела не белена? — запытала Алеся. Мацей не задумваючыся сказаў:

— Лебедзь. Такую загадку Ясь загадваў. Здзівіла!

— Ёсць яшчэ адна адгадка. Падумайце.

— Я ведаю, — усклікнуў Мацей. — Бяроза бела не белена.

— Навучыўся адгадваць, — прагаварыла Алеся. — Мне мама казала: даўным-даўно людзі лічылі бярозу свяшчэннай.

Янку ўспомнілася, як казаў бацька, што раней людзі лічылі свяшчэннымі і розных жывёлін, і розныя дрэвы, і нават камяні. Запытаў тады ў бацькі: «Чаму людзі лічылі, што дрэвы свяшчэнныя?» Бацька падвёў яго да бярозы, якая і цяпер расце пры хаце: «Табе тут добра?» — «Добра, — сказаў ён. — Цянёк».

«Цянёк, — паўтарыў бацька. — А бачыў, якая яна прывабная, калі вясною лісточкі распусцяцца? Бяроза і сок дае, ад якога сіла прыбаўляецца».

Сапраўды, без прыгажунь бярозак і жыццё было б не такім добрым. Яна нават падказвае, якім год выдасца. Ёсць жа такая прыкмета: калі бяроза перад вольхай лісце распусціць, то лета будзе сухое.

Зразумела, чаму бярозу лічылі свяшчэннай, чаму пры хаце садзяць. Бярозка добрая, ласкавая. Яна як… Як і Алеся. Нібы сяброўка яна. А вось чаму камень лічылі свяшчэнным? «А што расце без кораня?» Пра яго прыдумана. Бярозка дае цянёк, ласку. А камень… Што ж ён дае? Чаму камень свяшчэнны? А-а, камянямі можна брод вымасціць, як яны талакой масцілі. А яшчэ… Яшчэ камень падмуркам служыць. Хата на ім стаіць. Цяпло ў хаце, песні ў хаце, жыццё ў хаце. І ён, камень, усё гэта трымае на сваіх плячах. Мабыць, цяжка, але нікому не скардзіцца. Нездарма кажуць: маўчыць, што камень. Трымае. Надзейна трымае… Каб жылі, каб радаваліся. Аб камень і ступіш, аб камень і павострыш.

Пра што ж яшчэ казаў бацька? Пра што? Вераб'іная памяць. Ага, успомніў. Расказваў, як перад паляваннем людзі збіраліся дзе-небудзь на рачным мысе. Іх склікаў вяшчун. Сам голы, толькі звярыная шкура на плячах, а над галавою аленевыя рогі. З белых каменьчыкаў выкладваў вяшчун таго звера, на якога збіраліся паляваць. Пасля ўзнімаў бубен і біў, склікаючы мужчын. З лукамі, з дзідамі ішлі яны на рачны мыс. Вяшчун распальваў вогнішча, зноў біў у бубен, выкрыкваючы закляцці, і пачынаў кружыцца… Пагойдваюцца ў такт над галавою аленевыя рогі. Мужчыны, пасеўшы ў кола, таксама пагойдваюцца ў такт, у адзін голас паўтараюць закляцці, просяць духаў, каб дапамаглі на паляванні. Дзень і ноч біў вяшчун у бубен, дзень і ноч кружыліся, дзень і ноч паўтаралі ягоныя закляцці мужчыны. Дзень і ноч… Вяшчун шчасця просіць… Сваім супляменнікам шчасця.

Запытаў Янка той раз у бацькі: «Навошта так?» Ён прамовіў: «Трэба было, сынок».

Чаму трэба было? Нездарма дзень і ноч сябе знясільваў. Можа, дух паднімаў? Можа, хацеў, каб нават самыя баязлівыя самымі смелымі сталі? Ці не таму?