Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 60
Алексей Николаевич Якимович
— Дасць сёння бацька, — сказаў Мацей. — Гусака забілі.
«Во зух! — падумаў Янка. — Забілі… Быццам усе разам. Быццам не ён адзін. Хітранькі». А Мацей зноў прагаварыў:
— Такога гусака забілі!
— Чаму кажаш, што забілі? Ты яго аперазаў,— не сцярпеў Янка.
Мацей апусціў галаву.
— Разам былі на балоце — разам і адказваць. «Сапраўды, разам. Са старэйшага дык болей спаганяецца», — падумаў Янка.
— Не сумуйце, — прамовіла Алеся. — Я вам загадку загадаю.
— Знайшла калі загадваць, — буркнуў Мацей. Янка пагадзіўся з ім. Не да загадак цяпер.
Што ж бацьку сказаць? Што? Гэта загадка. І яшчэ якая! Цяжэйшая за ўсе.
— А я ўсё-ткі загадаю, — прашчабятала Алеся. — Вы станеце думаць, як адгадаць, і кепскае забудзецца. А што цвіце без насення?
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Мацей.
— І я не ведаю, — паціху сказаў Янка. Алеся, відаць, пашкадавала іх.
— Доля цвіце без насення. Янка горка ўсміхнуўся.
— Сёння наша доля адцвітае, а не цвіце.
— Давайце скажам бацьку, што васілевіцкія гусака забілі,— прагаварыў Мацей.
Янка ледзь не крыкнуў: «Давайце». Але ў галаве як тахне: «Праўду пахаваеш і сам з ямы не вылезеш».
— Не, — сказаў ён. — Трэба забраць гусака дамоў. Хоць мяса будзе.
Яны павалакліся на балота. У Янкі на душы, як гаворыцца, кошкі скраблі. Цудоўна пачынаўся дзень, і раптам усё дагары нагамі. Чаму так не шанцуе? Не ў сук, то ў камень. А гусі на выгане скубуцца як нічога ніякага. Вунь і тая купінка асоту, якую намерыўся збіць Мацей. А дзе ж гусак?
Яны моўчкі пераглянуліся.
— Няма гусака, — першаю азвалася Алеся.
— Тут ляжаў. Тут, — тупнуў нагою Мацей. — Янка, дзе гусак?
Янка паціснуў плячыма. Канешне, ляжаў. Але дзе ж ён? Сам пра гэта хацеў бы запытацца. Дзе? Не ўзняўся ж угору, не паляцеў.
— Мне… Мне нядобра, — прызналася Алеся.
— Чаму? — запытаў Янка.
— Сама не ведаю.
— А я ведаю, — усклікнуў Мацей. — Усё ведаю. Янка зірнуў на яго. Хвалько. Усяго сам Ясь не ведае.
— Што ты ведаеш?
— Ведаю, чаму Алесі нядобра. Ведаю, дзе гусак.
— Кажы, калі ведаеш.
— Алесі нядобра, бо яна, як і я, здагадалася, што гусака ўкрала цётка з барадой.
— Але, — ледзь чутна прамовіла Алеся. Янка ўздыхнуў. Цётка з барадой… Усё можа быць. Яна нават у хату прыйшла, не пабаялася. Так і бацьку сказаць? Не паверыць. Трэба забраць у яе гусака. Відаць, яна недзе непадалёку схавалася. Трэба знайсці. У ягоных руках зброя, з якою воі ў бой ішлі. Хіба не для таго ў Яся зброю прасілі? Трэба паказаць ёй сваю сілу. Але як Алесі і Мацею сказаць? Перапалохаюцца. Не, пакуль ім казаць не выпадае.
— Гусака ліса ўкрала, у лес панесла, — прамовіў ён. — Падкралася і пацягнула. Нядаўна круцілася каля вёскі.
Мацей затарабаніў, загаварыў скорагаворкай:
— Круцілася. Братка, яна далёка не адбеглася, на ўскрайку сядзіць. Мабыць, яшчэ не з'ела. Давай пашукаем. Кіне, калі напалохаем.
Янку стала няёмка. Мацей не баіцца, а ён павінен дрыжэць? Што, калі сапраўды ліса ўкрала? Ён сціснуў у руках басалык.
— За мною. Мы знойдзем свайго гусака.
— Мы гэтую лісу за хвост зловім і ў вёску прывалачом, — пахваліўся Мацей.