Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 59
Алексей Николаевич Якимович
— Ой як добра! — падбегла Алеся. — Сёння мне Паўлінка загадкі загадвала. Я ўсе-ўсе запомніла. Цяпер вам загадаю.
— Загадвай, — прагаварыў Мацей.
— А што ўецца круг дзерава? — запытала Алеся.
— Пчала, — усклікнуў Мацей.
Янка ўсміхнуўся. Памятае Мацей, як пчала ўджаліла, калі мёд з дупла даставалі.
— Хмель уецца круг дзерава, — сказаў ён. Мацей махнуў рукою:
— Бі. Твая ўзяла.
Янка ўзняў басалык, а гусак зноў загагатаў:
— Га-га-га…
Янка замахаў рукамі.
— Гыля! Гыля! Не лезь пад ногі, дурань. Гусак, перавальваючыся, адышоўся, стаў шчыпаць траву. Янка зноў узняў басалык і, крэкнуўшы, свіснуў.
— Не папаў! — аж падскочыў Мацей. Так, не папаў. Нялёгка навучыцца.
— А што плача — слёз не мае? — запытала Алеся.
— Дзіцё, — гучна прамовіў Мацей. Алеся вытрашчыла вочы.
— Якое дзіцё?
— Маленькае.
— Хіба яно плача без слёз? Ты бачыў? Мацей шмыгнуў носам.
— Я яшчэ падумаю.
— Падумай, — усцешылася Алеся. — І ты, Яначка, думай.
— Думаю, — сказаў ён.
Што ж плача без слёз? Здаецца, такую загадку Ясь загадваў. Такую? Не. Ягоная загадка па-іншаму гучала: а што плача без голасу? Розныя загадкі. Плача — слёз не мае… Плача… Плача…
— Салавей, — усклікнуў Янка. Мацей адразу ж за ім усклікнуў:
— Сасна.
Янка не пагадзіўся.
— Чаму сасна? Салавей!
— А калі вецер усходзіцца? Сасна тады: гу-гу-гу, гу-гу-гу… Хіба не плача?
Нічога не скажаш. Быццам плача, быццам стогне. Нават не па сабе становіцца. Запомніў Мацей. Малайчына.
Янка ляпнуў брата па плячы:
— І ты адгадаў, і я адгадаў. Мацей расцвіў, што мак у агародзе.
— І твая чарга, і мая чарга.
— Чыя першая? — разгубілася Алеся.
— Няхай Янка б'е. Я паспею, — прамовіў Мацей. — Няхай яшчэ раз прамахнецца.
Янка прыжмурыў вока. Не, цяпер пацэліць. Павінен гэты пракляты асот збіць.
— Га-га-га, — пачулася за спінаю.
Зноў гусак. І чаго ж лезе пад ногі? Няхай бы шчыпаў траву. Ці не смачная?
— Гыля! Гыля!
— Ён з цябе смяецца. Га-га-га… — зарагатаў Мацей.
— Сам ты «га-га-га», — узлаваўся Янка. Прыжмурыў вока, прыцэліўся. Раз! Асот упаў, што касою падкошаны. Мацей падбег, схапіў яго і кінуў, нібы руку агнём апякло.
— Колецца, — паскардзіўся.
— Маленькі. Ты яшчэ зусім маленькі. Не ведаеш, што асот колецца, — паўшчуваў Янка.
— Давай басалык. Пабачым, маленькі ці ўдаленькі,— сказаў Мацей.
— Бяры, маленькі-ўдаленькі.
Мацей узяў басалык, тыцнуў пальцам, паказаўшы на купіну асоту, якая расла якраз там, дзе быў гусак.
— Я той саб'ю.
— Гусака не забі.
— Я яго напалохаю.
Мацей з крыкам кінуўся на гусака, а той, растапырыўшы крылы, на яго. Мацей задам, задам…
— Беражыся! Зашчыпае! — крыкнула Алеся.
— Трымай нагавіцы, бо сцягне, — зарагатаў Янка.
— Ой! Ой! — схапілася за жывот Алеся.
— Чые нагавіцы? — разгубіўся Мацей.
— Твае.
— Ой, не магу! — зайшлася ад смеху Алеся.
Каб ведалі, што далей будзе, то гэтак не пацяшаліся б. Мацей ураз пачырванеў, нечакана махнуў басалыком і… гусак зваліўся на траву. Мацей укленчыў, узяў яго за дзюбу.
— Не варушыцца. Пацэліў. Проста ў галаву. З першага разу. Будзе нам. Уцякайма!
— Уцякайма! — падхапіла Алеся.
Яна першая, Мацей за ёю наўзахваткі ў вёску. І Янка за імі. Ногі быццам самі панеслі. Толькі ў вёсцы спыніліся, перавялі дух.