Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 58

Алексей Николаевич Якимович

— Нібы смоўж сваю хатку, — засмяялася Алеся.

— Смоўж сам цягне, а ў іх быкі,— заўважыў Мацей.

— Ціка-ава, — задуменна працягнула Алеся. Ясь устаў, памяшаў кіем смалу.

— Вольна ў стэпе, але я там не жыў бы. На чужой старонцы, як на скале адзінокай сасонцы. Чаго прыціхлі, верабейкі?

— Калі нам зброю дасі? Ты абяцаў,— напомніў Мацей.

— Прынясу, калі абяцаў.

— Я ведаю, чаму ты адразу не даў,— усклікнула Алеся.

— Чаму, перапёлачка?

— Хацеў сваім умельствам пахваліцца.

— Усё вы ведаеце, — усміхнуўся Ясь і падаўся Ў хату.

Дзе ж гусак?

Ясь прынёс басалык — пугу з замацаваным на канцы кавалкам волава.

— Лепей меч даў бы. Навошта нам пуга? — скрывіўся Мацей.

— Цябе ён пакоціць.

— Не пакоціць. Я яго абедзвюма рукамі буду трымаць. Пугу нам прынёс…

— Гэта не пуга, а басалык. Гэтай зброяй я не аднаго прыблуду-ворага правучыў. Гляньце, як б'е. — Ясь размахнуўся і свіснуў па дошцы, што ляжала каля хаты.

Мацей падбег, нагнуўся.

— Ну й рэзнуў! Напалову дошка раскалолася.

— Зброя. Сапраўдная зброя. Яе, мабыць, і нашы прашчуры — радзімічы, крывічы, дрыгавічы — у руках трымалі,— сказаў Ясь.

— Дрыгавічы? — прагаварыла Алеся. — Яны, напэўна, на дрыгве жылі?

— Сярод балотаў,— кіўнуў галавою Ясь. — Славілася гэтае племя. Князь Тур княжыў у дрыгавіцкай зямлі. Мудры і смелы ён быў. А сілу меў такую, што не выказаць. Не знаходзілася асілка, які адважыўся б з ім падужацца. Таму і празвалі Турам. Не раз дрыгавічы перамагалі ворагаў. А на беразе Прыпяці пабудавалі горад і крэпасць Тураў. Пазней дрыгавіцкае княства стала называцца Тураўскім, а дрыгавічы — тураўцамі. Каля горада Турава была Турава гара, а на той гары быў бяздонны Тураў калодзеж. Пасля бітвы прыходзіў сюды князь, бо вадой толькі з яго мог суняць смагу.

— Усю сілу ў бітве аддаваў,— заўважыў Янка.

— І жыццё аддаў. Загінуў, абараняючы сваю зямельку. — Ясь працягнуў яму басалык. — Бяры і памятай пра сваіх прашчураў.

Янка ўзяў басалык, моцна сціснуў у руцэ.

— Ясь, мы пойдзем на выган, — сказаў ён. — Павучымся басалыком біць.

— Што ж, старайцеся, — пажадаў на развітанне Ясь.

Янка, абагнаўшы Алесю і Мацея, першы прыбег на выган, дзе часта з Мацеем гусей пасвілі. І цяпер ходзіць тут гусіная чарада, траву шчыпае. Крыху збоку іхні вялізны шэры гусак. Злосны. Не раз стараўся Янку за калашыну схапіць. Вось і цяпер. Убачыў і загагатаў, зашыпеў, выцягнуўшы шыю.

Янка падняў басалык, прыгразіў:

— Пачастую!..

— Заб'еш, — падбег Мацей.

— Не, я проста палохаю.

Размахнуўшыся, ён свіснуў басалыком. Хацеў пацэліць па асоце, ды прамахнуўся.

— Не папаў,— падскочыў Мацей. — Дай мне.

— Спярша заслужы.

Думаў, што Мацей адчэпіцца, перастане кленчыць. Не тут тое было.

— Яначка, дай. Буду прасіць, пакуль не дасі. Будзе. З карка не злезе. Смала. Вядома, можна даць, не шкада. Але пасля з рук не вырвеш. Што ж прыдумаць, каб не назаляў?

— Мацей, давай загадкі загадваць. Хто адгадае, таму і басалык.